Палітычны прагноз – 2019. Выбары, інтэграцыя з Расеяй і перапіс насельніцтва


Падрыхтоўка да выбараў, больш глыбокая інтэграцыя з Расеяй, перапіс насельніцтва. Базавы палітычны план на 2019 год укладзены. Але поле для прагнозаў і асцярогаў – усцяж шырокае. Даведаемся пра меркаванні палітыкаў, экспертаў і насельніцтва.

У мінулым годзе партыю не скончылі. На коне – Крамлёўскія мары і сёлетні лёс Беларусі. Гульня працягваецца. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі (29.12.2019):

«Нікуды ад гэтага не ўцячы і не падзецца… Таму што шматлікія праблемы трэба вырашаць на перспектыву».

Масква цісне на Менск у пытанні зліцця краінаў у Саюз, што застанецца для нас галоўным выклікам года, кажа палітолаг Арсеній Сівіцкі:

«Гэта комплексны падыход, накіраваны на падрыў суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Крэмль па сутнасці пачаў пасылаць сігналы не толькі Беларускім элітам, але і Беларускаму грамадству».

Беларусы скажуць «НЕ» – лічыць лідар партыі «Народная грамада» і падкрэслівае – у 2018 годзе ў грамадстве вырас пратэстны патэнцыял. Мікалай Статкевіч, старшыня партыі «Народная грамада»:

«Галоўная нашая мэта – гэта зрабіцца выразнікам сацыяльных памкненняў грамадства, сацыяльнага пратэсту, які непазбежна перарастае ў палітычны пратэст. Куды гэты палітычны пратэст будзе скіраваны, залежыць ад таго, ці ўдасца нам яго ачоліць».

Гаворка пра гэты патэнцыял вядзецца ня першы год. Апытаныя намі менчукі пратэстаў не хочуць, але шчыра прагнуць палітычных пераменаў:

«Шыкоўна было б, каб быў і незалежны суд».

«І заканадаўства трэба памяняць, і ўладу».

«У першую чаргу напэўна выбарчае заканадаўства. Каб яно было чэснае».

«Рыба няхай застаецца, галаву б памяняць».

Магчыма, змаганне за права быць галавой прыпадзе ўжо на ГЭТЫ год. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла пра неабходнасць размежаваць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары так, каб на 2020-ы год не прыпалі абедзве кампаніі. Пытанне – каторая будзе сёлета? Віталь Рымашэўскі, БХД:

«Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты робяць усё магчымае разам з правацэнтрысцкай кааліцыяй, каб выступіць адзіным фронтам, аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыяй як на прэзідэнцкіх, гэтак і на парламенцкіх выбарах. Мы вылучаем у адзіны спіс нашых прамоўцаў на парламенцкую кампанію».

…А праз месяц плануюць распачаць працу па вылучэнню адзінага народнага кандыдата – альтэрнатывы дзейнаму кіраўніку. Сёлета ў Палату Прадстаўнікоў сябры кааліцыі пададуць законапраекты аб зменах у выбарчай і судовай сістэмах, у пенсійнай, адукацыйнай і аховы здароўя. Тым часам адмыслоўцы мяркуюць, што электаральная спешка малаімавернае. Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Калі яны будуць у 2019 годзе, то яны будуць датэрміновыя і гэтак быць не павінна паводле Канстытуцыі. Што будзе ў рэальнасці – цяжка сказаць, бо Ярмошына ўжо шмат разоў казала, што будуць разводзіць выбары, што магчыма ўжо ў гэтым годзе быць выбарам. Але важна, што ў бюджэце грошай на выбарчую кампанію не пакідалі, не выдаткоўвалі».

Ведаючы, што воля кіраўніка краіны часта важнейшая за Канстытуцыю, палітычная апазіцыя падстрахоўваецца. Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» – вызначаюць патэнцыйных кандыдатаў, ды нават кажуць пра планаваныя акцыі акцыі ў рэгіёнах. Важным лічаць таксама…

«Перапіс насельніцтва 2019-га года. Гэта важна, таму што ад таго як будуць пастаўленыя пытанні, будзе залежаць – колькі ў нас беларусаў і для колькіх беларуская мова з’яўляецца роднаю», – кажа Ігар Барысаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада».

Заахвочваць грамадзянаў да выбару беларускай мовы ў перапісе будуць сёлета і палітычныя, і грамадскія абʼяднанні, і творчыя супольнасці. Не выключэнне з правілаў і наш тэлеканал. Будзем сачыць за выбарамі, за канфліктам з Расеяй, а што да перапісу насельніцтва – свой выбар «Белсат» зрабіў – «беларускамоўны».

Юлія Цяльпук, belsat.eu