Палітычны футбол


Вызначальны матч Харватыя – Англія ў некаторых краінах успрынялі не як спартовы, а як палітычны двубой. Упершыню ў гісторыі харвацкая нацыянальная зборная прабілася ў фінал чэмпіянату свету па футболе. Харвацкія спартоўцы сталіся сапраўднымі героямі не толькі ў сябе ўдома.

Шок і выбух радасці ў Харватыі. З лікам 2:1 зборная гэтай чатырохмільённай краіны перамагла пачынальнікаў футболу – англічанаў. Упершыню ў сваёй гісторыі харваты згуляюць у фінале чэмпіянату свету.

«Маюць сапраўды цудоўную фізічную форму, гуляюць на досведзе і могуць выкарыстоўваць адну-дзве-тры атакі тады, калі гэта патрэбна. А вось ангельская зборная, якая гуляла ў паўфінале, яна больш гарачая, больш маладая», – адзначае спартовы аглядальнік Аляксандр Пуціла.

У фан-зоне англічанаў – слёзы расчаравання. Аднак з перамогі харватаў не задаволеныя не толькі ў Брытаніі. Нападнік Домагай Віда і сябра харвацкай дэлегацыі Огнен Вукоевіч пасля пераможнага матчу з Расеяй павіншавалі Украіну. Абодва шмат гадоў гулялі за кіеўскае «Дынама». Відэа ў Крамлі назвалі палітычным перформансам.

«Ніколі не заўзеў за харватаў, бо яны заўсёды былі здраднікамі нашага славянскага свету. […] Неабходна ўсімі дыпламатычнымі і палітычнымі метадамі запатрабаваць адказ за гэтую правакацыю», – заклікае старшыня Камітэту абароны і бяспекі Савету Федэрацыі Расеі.

А вось ва Украіне за харватаў заўзелі, як за сваіх, нават у парламенце.

«Зычу Домагаю Віду пасля фінальнага матчу таксама выгукнуць «Слава Украіне!», а мы абавязкова яму ўсёй краінай удзячна скажам «Героям слава!», – сказаў дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй Павэлка.

На галоўнай вуліцы Кіева – Хрэшчатыку – вывесілі харвацкія сцягі. Падтрыманне ўкраінцаў забяспечыла менавіта віншаванне Віды. А вось абурэнне ў расейскім інтэрнэце аказалася бураю ў шклянцы вады. У рэальным свеце вялікая частка расейскіх заўзятараў не крыўдзіцца на харватаў ні за перамогу над сваёй зборнаю, ні за віншаванні ў адрас Украіны. Менск жа палітычных баталіяў вакол матчу Харватыя – Англія ўвогуле не заўважыў.

Апошні раз харваты выходзілі ў паўфінал чэмпіянату свету 20 гадоў таму. Тады іх перамагла каманда Францыі. І вось у нядзелю даўнія супернікі сустрэнуцца зноў – у фінале. Назіраць за гульнёю будуць прэзідэнты дзвюх краінаў. І гэта чарговы раз даказвае, што вялікі спорт – гэта заўсёды вялікая палітыка.

Аляксандр Папко, «Белсат». Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / FORUM