Палітычнае балота ў Вялейцы: на сустрэчу з кандыдатамі прыйшло каля 30 асобаў


На Цэнтральнай плошчы ў Вялейцы – больш за 10 пікетаў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) запрашалі на сустрэчу з кандыдатамі на дэпутацтва ў Дом культуры.

Ініцыятар сходу Мікалай Юшчук кажа: «На выбары мы пайшлі ад безнадзейнасці і непазбежнасці. Мы не актуалізуем, не глядзім, як будуць лічыцца галасы. Мы нават не рыхтуем назіральнікаў. Мы проста збіраем людзей, якія падзяляюць нашую пазіцыю».

У агітацыйных мэтах кандыдатам вылучаўся і сябра Партыі БНФ Аляксей Сюдак. Кажа: збіраў подпісы, ладзіў пікеты пад нацыянальным сцягам, размаўляў з людзьмі аб праблемах. Але ж калі справа дайшла непасрэдна да вылучэння – ад далейшай гонкі адмовіўся.

«На гэтых выбарах нічога не змянілася. Як і на папярэдніх. Сябры ад апазіцыі ці проста незалежныя не былі ўключаныя ў склады камісіяў. Тыя кандыдаты, якія выступалі за імпічмент Лукашэнкі, якія агучвалі больш рэзка крытыку, свае погляды, – іх проста не прапусцілі», – кажа ён.

Больш пазітыўна настроены кандыдат у парламент ад прадзяржаўнай Камуністычнай партыі, падпалкоўнік унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Аляксандр Плавінскі. Ён вядомы як аўтар кнігі «Курапаты – ля вытокаў гістарычнай сенсацыі», у якой абяляе Сталіна і перакладае адказнасць за расстрэлы ў Курапатах на нацыстаў.

«Ніякіх парушэнняў заканадаўства я не бачу. Усё вельмі добра адносяцца ў акруговай камісіі да мяне. Вельмі прыемныя дзяўчаты там працуюць. Неяк так!» – распавёў ён.

Іншыя трое кандыдатаў праігнаравалі запрашэнне Мікалая Юшчука паўдзельнічаць у сустрэчы з выбарнікамі. Падаецца, што і самім вялейчукам сустрэча была не тое каб цікавая – з гораду з больш як дваццаццю васьмю тысячамі насельніцтва паслухаць праграмы вылучэнцаў прышлі каля 30 чалавек.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»