Палітвязень вучыць муай-тай, каб абараняцца ад бандытаў

Анархіст і былы палітвязень Вячаслаў Касінераў шырока вядомы палітычнымі перформансамі і смелымі выказваннямі. Пра іншы ж складнік ягонага жыцця – прыхільнасць да спорту – ведалі не ўсе. Актывіст адкрыў сваю групу па муай-тай і кікбоксінгу ў клубе адзінаборстваў «Мангуст» і абвесціў адкрыты набор.

«Мне падаецца, што гэта найбольш простая і эфектыўная тэхніка самаабароны. І гэта духоўна гартуе чалавека, у тым ліку і выхоўвае маральна-фізічныя якасці. То бок гэта не проста там – становімся забойцамі, не, гэта выпрабаванне для духу і для цела ў тым ліку», – тлумачыць свой выбар Вячаслаў.

Школа самаабароны не абмяжоўвае ўдзельнікаў па ўзросце

Пакуль для набору ў Вячаслава Касінерава адкрытая група для пачаткоўцаў, але ж у планах – дзіцячая, а таксама група для байцоў больш высокага ўзроўню.

«У Беларусі нядаўна праходзіў чэмпіянат свету па тайскім боксе – паказвае, што мы прызнаныя ў свеце. Беларусь заняла каманднае першае месца. Па муай-тай Беларусь заўжды на першых пазіцыях у свеце, у першай тройцы», – зазначыў Вячаслаў Касінераў.

Тайскім боксам – або муай-тай – Вячаслаў Касінераў прафесійна займаецца больш за восем гадоў. На ягоным ліку – выступы на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Муай-тай з тайландскай перакладаецца як «свабодны бой»

У ім, як і ў кікбоксінгу, дазволеныя ўдары не толькі рукамі, але і нагамі. Авалодаць прыёмамі не надта складана. Каб умець абараніць сябе на вуліцы, дастаткова паўгадавога курсу. Для прафесійных жа выступаў на спаборніцтвах у навучэнцаў можа сысці да 3-х гадоў. Быць на роўных з хлопцамі жадаюць і дзяўчаты.

«Зараз як ніколі вельмі важка абараніць сябе не толькі ад нейкіх хуліганаў, якія могуць патрапіць, але і ад нашай доблеснай міліцыі», – мяркуе наведніца клубу Марына Насенка.

Менавіта за перформанс супраць міліцэйскага бязмежжа Вячаславу Касінераву зусім нядаўна пагражала турэмнае зняволенне. У сакавіку на маладзёна завялі крымінальную справу паводле артыкулу «хуліганства». Разам з іншымі актывістамі анархісцкага руху ён здзейсніў дзёрзкую акцыю, накінуўшы пятлю на шыю «царскаму гарадавому» – скульптуры каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў у Менску. У выніку суд пакараў актывіста штрафам.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама