Палітвязень Ігар Лосік галадуе больш за месяц


Жонка Ігара Дар’я Лосік абвесціла галадоўку разам з мужам, але неўзабаве мусіла яе спыніць: у сям’і маленькая дачка. Цяпер заклікае спыніцца і мужа, бо вельмі хвалюецца за ягонае здароўе і жыццё.

«Стан Ігара пачаў пагаршацца: ён вельмі пахудзеў, у яго цёмныя «мяхі» і «кругі» пад вачыма. Вельмі скача ціск: ранкам нізкі, к вечару павышаецца», – узгадвае паведамленне адваката Дар’я.

«Ігар робіць памылку», – заявіў святар Уладзіслаў Багамольнікаў, але на праваслаўнае свята Вадохрышча таксама абвесціў галадоўку – каб падтрымаць палітвязня. Уладзіслаў Багамольнікаў плануе трымаць галадоўку гэтак доўга, як і Ігар Лосік. І гэты ўчынак – акт асаблівай мужнасці святара, кажа ягоны паплечнік у веры.

«Мае рацыю айцец Уладзіслаў, што на нашыя ўлады ўсе гэтыя галадоўкі ніякім чынам не ўплываюць. Але гэта дасць імпульс грамадству, каб абудзілася, каб быў вынік – хоць і ўскосны, але ён будзе», – кажа праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Журналіст Андрэй Пачобут яшчэ ў 2006 годзе трымаў сухую галадоўку – як пратэст супраць несправядлівага затрымання. Ён упэўнены, што Ігар Лосік добра ўзважыў усю сур’ёзнасць свайго кроку.

«Калі правы чалавека парушаюцца, калі не маеш ніякіх іншых інструментаў абароны ані сябе, ані сваёй годнасці, то галадоўка – гэта адзін з апошніх сродкаў, каб сябе бараніць. І калі Ігар прымаў гэтае рашэнне, то гэта сур’ёзнае рашэнне», – перакананы Андрэй Пачобут.

За 26 гадоў праз галадоўку ў Беларусі прайшлі дзясяткі палітыкаў і грамадскіх актывістаў. Сярод іх Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч, Сяргей Каваленка, Мікола Аўтуховіч, Сяргей Скрабец, маці-328. Таму Дар’я Лосік заклікае ўлады над гэтым задумацца.

«Няхай яны падумаюць, што адбываецца, чаму чалавек павінны сябе да такога даводзіць, каб хоць неяк дастукацца да іх і сказаць, што ён не прымае выстаўленыя вінавачванні, і што яны палітычна матываваныя», – заяўляе Дар’я Лосік.

У падтрыманне Ігара Лосіка галадоўку абвесцілі дзве студэнткі медычнага інстытуту.

Галіна Абакунчык, belsat.eu