Аб'ектыў 20.03.2019 Палітолаг: «Сыход Лукашэнкі будзе падобны да казахскага, калі кіраўнік нібы сыходзіць, але насамрэч застаецца»


За 30 гадоў кіравання Нурсултану Назарбаеву падзякаваў Уладзімір Пуцін, які магчыма і спрычыніўся да адстаўкі кіраўніка Казахстану. Патэлефанаваў сябру і Аляксандр Лукашэнка. Але Нурсултан не развітаўся – ягонае імя далі сталіцы краіны. Як ставяцца да гэтых падзеяў у Беларусі, якая мае з Казахстанам шмат супольнага.

Заснулі казахі ў Астане, прачнуліся – у Нурсултане. Гэтак, пакідаючы найвышэйшую пасаду, Назарбаеў акрэсліў, хто ў доме гаспадар:

«Я прыняў няпростае для сябе рашэнне скласці з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта Рэспублікі Казахстан».

Знаёмімся. Гэта Касым-Жамарт Такаеў, які замяніў Нурсултана Назарбаева на пасадзе выканаўцы ягоных абавязкаў. Эксперт у пытаннях Цэнтральнай Азіі Андрэй Суздальцаў каментуе:

«Назарбаеў пакідае за сабою ўладу ў Савеце Бяспекі. Гэта вельмі важна».

З гэтай пасады ён мае ўсе правы кантраляваць палітыку краіны. А на выгадаванне пераемніка ёсць цэлы год. Чырвоным дыванам на прысягу Канстытуцыі краіны Назарбаеў праходзіў 5 разоў, як і другі калега Уладзіміра Пуціна – кіраўнік Беларусі. Абодва яны – званыя на Захадзе аўтарытарнымі лідарамі, вынікі абрання якіх не прызнаваліся ў дэмакратычным свеце. Таму калі Назарбаеў склаў паўнамоцтвы, разам з казахамі ўстрапянуліся беларусы:

«Нашаму трэба ўжо сыходзіць таксама. Правільна Назарбаеў зрабіў – паказаў прыклад».

«Вельмі б хацелася, але напэўна – гэта не магчыма».

«Мяркую – гэты момант не настаў, мяркую яшчэ гадоў пяць».

Калі лічыць гады ва ўладзе, то і сапраўды – праз 5 гадоў споўніцца тры дзясяткі, як Аляксандр Лукашэнка замацаваўся на пасадзе кіраўніка краіны. Калі ж лічыць паводле ўзросту, то да Назарбаева Лукашэнку кіраваць яшчэ 14 гадоў. Сітуацыя, калі б Лукашэнка вырашыў сысці…

«…у што я не вельмі веру, яна будзе падобная на казахстанскую, калі кіраўнік нібыта сыходзіць, але насамрэч застаецца. Але нават такі варыянт для Лукашэнкі ўявіць цяжка, бо трэба будзе з кімсьці дзяліць уладу», – мяркуе палітолаг Валеры Карбалевіч.

Няздольнасць дзяліцца ўладаю прыпісваюць і Назарбаеву. У Казахстане эксперты лічаць, што ў справу ўмяшаўся Крэмль. Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін:

«Мы спадзяемся што пераемнасць будзе належным чынам забяспечаная».

Яна ўжо забяспечаная! Журналіст праграмы «Вот так» Ігар Віняўскі тлумачыць:

«Калі Назарбаеў сыходзіць у Савет Бяспекi, а на ягоную пасаду прыходзіць чалавек, падкантрольны яму, выйграюць усе. Крэмль выйграе, бо захоўваецца рэжым, які яго задавальняе. Назарбаеў выйграе, бо толькі Крэмль можа забяспечыць Назарбаеву бяспеку».

На Еўропу ў такой справе разлічваць не выпадае. Але і Крэмль – гэта ненадзейны гарантам бяспекі – лічыць аглядальнік Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў:

«Гэтым разуменнем і адчуваннем прасякнутая ўся ягоная палітычная дзейнасць. Ён разумее Крамлёўскія норавы і павадкі, разумее што гэта не той партнёр, якому можна верыць на слова, давяраць і ўручаць сваю палітычную будучыню».

Разлічваць даводзіцца толькі на сябе. Трымацца ў добрай спартовай форме і будаваць планы.

«Ён не сыдзе на нейкую пачэсную пасаду, дарадцы ці старшыні нейкай структуры, якая будзе працаваць калі дзейнага прэзідэнта. Ён не будзе бакавым, другім, трэцім у іерархіі кіраўнікоў», – кажа Віталь Цыганкоў.

Альбо ўсё – альбо нічога… – прынцып, уласцівы лідарам, якія не могуць аддаць уладу. Перайменаваўшы сталіцу ў Нурсултан, Назарбаеў вырашыў застацца назаўжды. А якую б назву ў падобнай сітуацыі мог атрымаць Менск?

«Лепш бы ён Менскам і называўся».

«Мой таварыш кажа – будзе смешна калі Менск пераймянуюць у Аляксандра».

«Нешта з «Лукамі» ці Александрыя, я чуў», – мяркуюць жыхары Менску.

Александрыя – ужо ёсць! Названае ў гонар дзейнага кіраўніка мястэчка знаходзіцца на ягонай малой радзіме.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары