Палітолаг: «Сістэма можа правесці выбары ўвогуле без выбарнікаў»


Цягам бліжэйшых тыдняў будзе абвешчаны пачатак чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Гэтым разам галоўныя пытанні: як будзе праходзіць кампанія ва ўмовах пандэміі каронавіруса? І ці варта ў ёй прымаць удзел?

Аб’яднаная апазіцыя ў складзе чатырох палітычных структураў намагаецца вылучыць адзінага кандыдата на сёлетнюю прэзідэнцкую кампанію. Пандэмія каронавіруса перашкодзіла палітыкам аб’ехаць запланаваныя 56 гарадоў. Тым не менш у інтэрнэт-галасаванні перамог лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

«Лукашэнку мы далей трываць не можам – па ўсёй гэтай неразумнасці, якую ён вырабляе падчас вось гэтай эпідэміі. Мне падаецца бальшыня грамадзянаў краіны разумее, што гэтага далей цярпець нельга. Таму нашае заданне – вызначыць адзінага кандыдата і пастарацца аб’яднаць апазіцыйны асяродак», – заяўляе Мікалай Казлоў.

Раней намеснік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар партыі БХД Павал Севярынец сышлі з кампаніі праймерыз. На іхнае меркаванне, падчас галасавання ў паселішчах мясцовыя ўлады выкарысталі адміністрацыйны рэсурс, масава галасуючы за лідара руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча. У сваю чаргу ягоны рух назваў удзел у галасаванні чыноўнікаў «гібрыднай атакаю на праймерыз». Павал Севярынец заклікае да байкоту выбараў.

«Ну, слухайце: Лукашэнка арганізоўвае спартакіяды, суботнікі, парады. І вось спектакль пад назваю выбары. Не ўдзельнічаем! Гэты ўдзел можа перарасці ў нацыянальную забастоўку, і гэта ўсё можа прывесці да руйнавання рэжыму. Можа распачацца раскол элітаў – гэтага маналіту, які ёсць у Лукашэнкі. Бо не будзе грошай плаціць сілавікам, і гэта можа мець вырашальную ролю», – кажа Павал Севярынец.

Пра актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі з мэтай арганізацыі «мірнага, масавага і працяглага пратэсту» заяўляе лідар «Народнай грамады» Мікалай Статкевіч. Ён сам, а таксама 30 актывістаў партыі плануюць рэгістраваць свае ініцыятыўныя групы, каб выкарыстаць шанец легальнай вулічнай агітацыі.

«Зараз усе пераканаліся – выйсці і сказаць: Лукашэнка – большая бяда, чым каронавірус. Надзявайце маскі, калі ў каго няма – мы раздамо, гэта бяспечна і ад каронавіруса, і ад тых, хто здымае, – і выходзім», – гаворыць Мікалай Статкевіч.

Адмыслоўцы перакананыя, што сёлетняя выбарчая кампанія не будзе мець ніякіх істотных адрозненняў ад кампаніяў мінулых гадоў, незалежна ад дзеянняў апазіцыі ці іншых удзельнікаў выбарчай гонкі.

«Сістэма правядзення так званых выбараў шліфуецца з 1996 года, і яна адшліфаваная. Гэтая сістэма можа правесці выбары ўвогуле без выбарнікаў. І каронавірус тут можа толькі паспрыяць – гэта і будзе галоўнае адрозненне гэтых выбараў ад папярэдніх. Магчыма, у тых хто праводзіць выбары, хопіць розуму крыху занізіць паказчык яўкі выбарнікаў», – сцвярджае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Аляксандр Лукашэнка рыхтуецца вылучацца на чарговы прэзідэнцкі тэрмін – сёмы з ліку. Паводле нязменнага кіраўніка, выбары пройдуць не пазней за жнівень.

Галіна Абакунчык, «Белсат»