Аб'ектыў 31.05.2019 Палітолаг пра змену Канстытуцыі: Можна меркаваць, што пасля 2025 года ў Беларусі будзе новы прэзідэнт


Ад перамены артыкулаў сэнс не змяняецца. Беларуская Канстытуцыя састарэла, і яе трэба памяняць – чарговы раз за апошнія месяцы заявіў Аляксандр Лукашэнка. Гэтым разам перад старшынямі канстытуцыйных судоў шэрагу замежных краінаў, якія прыехалі ў Менск.

Якія змены чакаюць шматпакутную беларускую Канстытуцыю, і ці адпавядаюць яны спадзяванням грамадзянаў?

Беларусь чакае або новая Канстытуцыя, або змены ў старую, заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынямі канстытуцыйных судоў замежных краінаў:

«Нашая Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спецыялістаў Канстытуцыйнага Суда, каб яны ўнеслі свае прапановы для магчымага ўдасканалення нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем».

Што канкрэтна абмяркоўваць, грамадзянам ані Лукашэнка, ані чыноўнікі дакладна не кажуць. У сакавіку кіраўнік краіны намякнуў, што намераны пашырыць паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў і ўраду. Валер Карбалевіч, палітолаг, тлумачыць:

«Ён хоча правесці гэтыя змены дзеля свайго наступніка. А яму ён не хоча пакідаць тых велізарных паўнамоцтваў, якія мае сам. Таму можна меркаваць, што пасля 2025 года, паводле развагаў Лукашэнкі, у Беларусі будзе новы прэзідэнт».

Былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў пералічвае некалькі варыянтаў зменаў: стварэнне для Лукашэнкі адмысловай пасады, як у Казахстане, выбары прэзідэнта марыянеткавым парламентам, а таксама касметычныя дэмакратычныя змены.

Міхаіл Пастухоў, былы суддзя Канстытуцыйнага Суда:

«Магчыма, адважыцца ўвесці пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека. Нельга выключыць, што будзе прынятае рашэнне на ўвядзенне мараторыю на прымяненне смяротнага пакарання або нават поўнае скасаванне смяротнага пакарання».

А якія змены ў Асноўны закон варта было б унесці, запыталіся мы ў жыхароў Менску:

«Даць маладзейшым людзям шанец пастаяць за стырном, і даць нашай краіне магчымасць уздыхнуць свежым паветрам».

«Чакаю толькі ўзмацнення ўлады – як ад Лукашэнкі магчыма яшчэ нечага чакаць?»

«Я б вельмі хацела, каб нашае жыццё сапраўды залежала ад Канстытуцыі і законаў. Але практыка паказвае, што мы праходзім паралельна».

«Новага прэзідэнта. І яшчэ раз новага прэзідэнта!»

Канстытуцыя Беларусі – аўтарытарная, зазначае Міхаіл Пастухоў. Прэзідэнт дамінуе над парламентам і прызначае суддзяў. Вышэйшы статус маюць не законы, а прэзідэнцкія дэкрэты. Акрамя таго, Канстытуцыя не дае грамадзяніну магчымасці абараніцца ад дзяржавы ў судзе. Але і такую Канстытуцыю ўлады рэгулярна парушаюць.

«Грамадзяне не могуць рэалізаваць свайго права на правядзенне мітынгаў, сходаў і шэсцяў. Патрэбны дазвол уладаў. А ў студзені гэтага года стала вядома, што за правядзенне гэтых мітынгаў трэба плаціць працаўнікам міліцыі, лекарам, прыбіральшчыкам», – тлумачыць Міхаіл Пастухоў.

Лукашэнка можа пашырыць паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў і ўраду, аднак ці грамадзяне пачуюць сябе свабадней? Палітолаг Валер Карбалевіч:

«Цяжка разважаць на гэтую тэму, таму што дыктатуры могуць быць і пры парламенцкім рэжыме. Таму ад перамены артыкулаў Канстытуцыі далёка не ўсё залежыць».

Але магчымасці заявіць пра гэтыя змены важным замежным гасцям кіраўнік Беларусі не ўпусціў. Сярод удзельнікаў канферэнцыі, зарганізаванай з нагоды 25-годдзя Канстытуцыйнага Суда Беларусі, былі трое прадстаўнікоў Венецыянскай камісіі. Гэта орган Рады Еўропы, які спраўджвае, ці адпавядаюць заканадаўчыя акты краінаў дэмакратычным стандартам.

Зія Таньяр, сакратарыят Венецыянскай камісіі:

«Спадарыня Гэртыс Торгейрстоўхтыр, намесніца старшыні Венецыянскай камісіі, удзельнічае ў гэтай канферэнцыі. Тут выступяць таксама адзін чалец камісіі ды адзін выканальнік абавязкаў чальца. Тэма канферэнцыі – канстытуцыяналізацыя галінаў права і канстытуцыйны кантроль. Тэмы дакладаў – навуковыя».

Сустрэча з замежнымі прававедамі, як лічаць нашыя суразмоўцы, да планаў Лукашэнкі змяніць Канстытуцыю наўпроставага дачынення не мае. Але добра ўпісваецца ў планы Менску стварыць на Захадзе імідж аўтарытарызму з чалавечым тварам.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Калаж з фота: Sergei Chirikov / Pool via REUTERS / Forum

Глядзі таксама
Каментары