Палітолаг: Лукашэнка вядзе Беларусь у бок незалежнасці


«Ніколі ў гісторыі фарміравання Саюзнай дзяржавы, а мы яго яшчэ фарміруем, ніколі не было вось такой адкрытасці і душэўнасці, а самае галоўнае выніковасці», – запэўніў лідар Беларусі гледачоў праграмы «Формула ўлады» на канале «Россия 24». Падрабязнасці – да прыкладу, якія вынікі маюцца на ўвазе, – у інтэрвʼю, мабыць, не ўвайшлі. Не лічачы, вядома, узорна-паказальнай сельскагаспадарчай вытворчасці на… Сахаліне, пра які Лукашэнка згадаў, цытуючы свайго расейскага калегу.

Эксперты: канкрэтыкі мала, бо хваліцца – няма чым

«Саюзная дзяржава ў заняпадзе – раней гэта быў гэтакі флагманскі праект на постсавецкай прасторы з найбольшым узроўнем інтэграцыі, цяпер жа, пасля зʼяўлення Еўразійскай саюза – гэта выглядае такім маргінальным праектам, а еўразійскі саюз – гэтакі флагман», – мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Саюзная дзяржава была флагманам, калі была патрэбная ўсім сваім удзельнікам. Крэмль у дзевяностыя гады імкліва губляў сілу на сусветнай арэне, і інтэграцыя прынамсі з адною постсавецкаю рэспублікаю павялічвала яго палітычную вагу.

Менск пераследаваў больш трывіяльныя мэты

«Саюзная дзяржава – гэта такі рынак, на якім мы гандлюем акцыямі любові да Расеі і тымі ж» пацалункамі «, за якія патрабуем нафты і газу. Калі гэта добра працуе, то Беларусі гэта эканамічна выгадна, а калі дрэнна – то і любові становіцца паменш», – тлумачыць спадар Ягораў.

Акрамя заяваў аб блізкасці ды братэрства двух народаў Лукашэнка рэгулярна нагадвае Маскве і пра гатовасць абараніць Расею.

Але нягледзячы на размовы пра прагрэс вось ужо дзевятнаццацігадовага будаўніцтва саюзнай дзяржавы Лукашэнка не ўтрымаўся і ад дакораў на адрас Крамля: маўляў, беларускія тавары не прапускаюць дый памежную зону ўвялі. Праўда, адразу пасля гэтага заявіў, што «працэс пайшоў і спыніць яго будзе практычна немагчыма».

Андрэй Ягораў: беларускі лідар як мінімум лукавіць

Завяршэнне працэсу інтэграцыі не выгаднае, у першую чаргу, самому Лукашэнку.

«Беларусі выгадная яе незалежнасць. Нават Лукашэнка змушаны выбудоўваць гэтую незалежнасць, бо інакш ён страціць і ўладу і краіну. І ён вымушана вядзе краіну ў бок большай незалежнасці», – падсумаваў палітолаг.

Праўда, перш чым пачаць гэты вымушаны шлях, лідар Беларусі настолькі далёка ўвайшоў у залежнасць ад Масквы, што вяртанне наўрад ці будзе простым.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Klimentyev Mikhail Credit / TASS / Forum