Палітолаг: Лукашэнка бачыць Украіну адвакатам у адносінах з Захадам


Лукашэнка не хоча быць міратворцам ці пасярэднікам. Але гатовы ўмяшацца ў канфлікт на Данбасе. Гэта галоўны момант для ўкраінскіх экспертаў і журналістаў у прамове кіраўніка Беларусі. А таксама пытанне: што меў на ўвазе афіцыйны лідар і як можа дапамагчы.

«Гэта зусім побач, каля нашага парогу, у нашых братоў. Гінуць людзі, канфлікту нібыта няма канца», – заявіў кіраўнік Беларусі пад заслону Форуму рэгіёнаў у Гомлі напярэдадні.

Ён абяцаў дапамогу, хоць падкрэслівае, што ні міратворцам, ні пасярэднікам не будзе.

«Мы гатовыя ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які мусіць быць. Мы гатовыя гэта зрабіць, але выключна дзеля аднаго – дзеля міру», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён фактычна адкрыта кажа пра Расею як бок вайны ва Украіне. І адзначае, што заява пра падтрыманне Менску даецца няпроста.

«Ён разлічвае на тое, што Украіна будзе своеасаблівым буферам і адвакатам Беларусі ў адносінах з Заходняю Еўропай і са Злучанымі Штатамі», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

Менск яшчэ ў 2015 годзе стаў пляцоўкаю для перамоваў і падпісання мірных дамоўленасцяў. І тады казалі, што Лукашэнка выкарыстоўвае сітуацыю для паляпшэння ўласнага іміджу. А вось беларусы-добраахвотнікі з самага пачатку ваююць па абодва бакі канфлікту, гінуць, атрымліваюць узнагароды і крымінальны пераслед на радзіме.

Вось што пра гэта думаюць жыхары Менску:

«Гэта вайна паміж дзвюма краінамі, якія да нас не маюць дачынення. Толькі тое, што яны суседзі, і ўсё».

«Хай ідзе і ваюе – са сваймі сынамі, наперад!»

«Там нам няма чаго рабіць: мы там нічога не згубілі і нічога не возьмем».

«Хацелася б, каб гэта ўсё хутчэй скончылася. Калі магчыма неяк разумнымі спосабамі дапамагчы, чаму б не».

Галоўнае пытанне, ці гэта пустая рыторыка Лукашэнкі, камень у бок Масквы ці чарговая гульня на ўласную карысць?

«Беларусь зацікаўленая ў добрых, сталых і бяспечных эканамічных стасунках з Украінаю, бо, па-першае, гэта вельмі вялікі рынак збыту, а, па-другое, гэта рынак, з якога можна браць газ», – працягвае Вольга Харламава.

З пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны з 2014 года, паводле падлікаў ААН, загінула больш за 10 тысячаў чалавек.

«Я ўвогуле не прымаю, калі спрабуюць нашую ўкраінскую зямлю выкарыстоўваць некаторыя як разменную манету. Украіна заўсёды будзе моцная, квітучая і адзіная», – кажучы гэтыя цёплыя словы, Лукашэнка нібы забываецца, што мае з Пуціным самыя розныя дамовы супрацы – ад саюзнай дзяржавы да АДКБ. Супольныя вучэнні зрабіліся рэгулярнымі, і гэта з Менску на гэтым тыдні расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу страшыў Захад.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў:

«Мы ніколі не прыйдзем да вас на танках».

Сяргей Падсасонны, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа Максіма Гучэка/БелТА