Палітолаг Андрэй Ягораў: Пастаўкі нафты з Латвіі стратэгічна вельмі цікавыя Беларусі

Нафтавае пытанне – нумар 1 адзін на парадку дня. У Маскве 16 студзеня віцэ-прэм’еры Беларусі ды Расеі абмяркоўвалі ўзаемадзеянні ў нафтавай сферы. У Менску ж кіраўніцтва Беларусі шукала альтэрнатыву супрацы з Расеяй. Пра гэта вялося на перамовах паміж кіраўніком Беларусі і прэм’ер-міністрам Латвіі. Ці зможа Рыга забяспечыць гэткую альтэрнатыву?

Чэмпіянат свету па хакеі 2021, агульны гандаль, але перадусім – пастаўкі нафты. Гэта кіраўніцтва Беларусі абмеркавала з латвійскім прэмʼерам Крышʼянісам Карыньшам, што сёння прыбыў у Менск.

«Што датычыць практычных пытанняў і пытанняў дзелавой супрацы, бізнесу і гандлю, латвійскі ўрад нядаўна змяніў рэгламент кіравання партоў, і цяпер іх кіраванне цалкам застаецца пад кантролем цэнтральнага кіраўніцтва», – распавёў прэмʼер-міністр Латвіі Крышʼяніс Карыньш.

Гатовасць пастаўляць нафту ў Беларусь са сваіх партоў Латвія агучыла яшчэ напярэдадні візіту. Калі Беларусь разаслала прапановы аб пакупках прадпрыемствам Украіны, Польшчы, Казахстану, Азербайджану і краінам Балтыі.

«Палітычны сэнс такіх паставак і геапалітычных сувязяў, якія складваюцца, для Беларусі стратэгічна вельмі цікавыя, а для Расеі стратэгічна вельмі небяспечныя, але пытанне тут узнікае з тым, што Беларусь прызвычаілася карыстацца таннай расейскай нафтай, а не працаваць з пастаўкамі нафты па сусветных коштах», – адзначае палітолаг Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Альтэрнатыва можа аднавіць для Беларусі Балтыйска-чарнаморскі шлях, адзначае палітолаг Андрэй Ягораў. Аднак праца з сусветнымі коштамі на нафту адабʼецца на павышэнні цаны нафтапрадуктаў. Да таго ж, Крышʼяніс Карыньш пацвердзіў гатовасць экспарту з латвійскіх партоў у Беларусь выключна чыгункай.

«Альтэрнатыва – гэта заўсёды добра, але калі гэта будуць пастаўкі па чыгунцы – невялікія абʼёмы. Гэта несурʼёзная пакуль што альтэрнатыва, больш сурʼёзная альтэрнатыва – гэта пастаўкі па трубе, гэта больш танныя пастаўкі», – лічыць эканамічная аглядальніца інтэрнэт-газеты «Белрынак» Таццяна Манёнак.

Гэтак, даставіць чыгункай тэхнічна можна не больш за 2-3 мільёны тонаў нафты на год, адзначаюць адмыслоўцы ў транспартавай галіне. Беларусі ж для працы нафтаперапрацоўчых заводаў на поўную магутнасць патрэбна экспартаваць у разы больш – каля 20 мільёнаў тонаў на год. Да таго ж такі шлях даражэйшы. Кожны этап фрахту – марской дастаўкі ў порт, загрузкі ў цыстэрны ды транспартаванні чыгункай – абыдзецца ў дзясятак еўраў за тону сыравіны.

«Есць магчымасць тэарэтычна паставак і па трубе праз Латвію, але сёння гаворкі аб гэтым няма, чаму? Таму што ўласнікам гэтай трубы зʼяўляецца расейская кампанія, і там працягваецца судовы спор, кропка яшчэ не пастаўлена», – кажа эканамічная аглядальніца інтэрнэт-газеты «Белрынак» Таццяна Манёнак.

Акурат цяпер расейская кампанія аспрэчвае рашэнне Вярхоўнага Суда Латвіі, што запампаваная тэхналагічная сыравіна ў нафтаправодзе належыць Беларусі. Апроч гэтага, труба ў кірунку Латвіі пустуе з 2003 года, а таму пакуль невядома, ці магчымы будзе рэверс сыравіны без усталявання дадатковых помпавых станцыяў.

Юлія Лабанава belsat.eu

«Пытанне не ў «можна ці нельга», а ў цане». Хто гатовы імпартаваць нафту ў Беларусь?

Глядзі таксама