Палата прадстаўнікоў адмовіла руху «Маці 328». «Наркатычны» артыкул не зменяць


Чарговая спроба дагрукацца да дэпутатаў. Актывісткі руху «Маці 328» паспрабавалі дамагчыся сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, каб даведацца пра лёс паправак у 328 «наркатычны» артыкул Крымінальнага кодэксу. Яны патрабуюць не легалізацыі наркотыкаў, але адпаведнасці правапарушэння і пакарання. Дзейнічалі жанчыны пад пільнай увагай людзей у цывільным.

Актывісткі Руху маці 328 у Палаце прадстаўнікоў. Ім удалося сустрэцца з старшынём сталай камісіі ў справе нацыянальнай бяспекі Валянцінам Міхневічам. Між іншага ён паабяцаў, што дэпутаты запрапануюць амніставаць няпоўнагадовых, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў ды знізіць мінімальнае пакаранне паводле другой і трэцяй частак артыкула. Апрача таго, актывістак руху Ліліяну Шубу і Таццяну Канеўскую ўключылі ў працоўную групу па ўзгадненні паправак у артыкул.

«Мы патрабуем, каб гэты законапраект быў прыняты менавіта ў пачатку сесіі, каб ён прайшоў другое чытанне ў пачатку сесіі, каб ён паспеў трапіць да канца гэтай сесіі ў верхнюю палату і спусціцца ўніз на подпіс к прэзідэнту, каб на гэтай вясенняй сесіі гэты законапраект быў прыняты», – кажа актывістка руху «Маці 328» Таццяна Канеўская.

Антынаркатычны дэкрэт прынялі ў 2014 годзе. Трэцяя частка так званага Артыкула 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 15 гадоў абмежавання волі. Пад суд могуць трапіць нават няпоўнагадовыя. Сваякі абвінавачаных і праваабаронцы лічаць гэткія захады занадта жорсткімі. Маўляў, усю моц дэкрэту на сябе адчулі не распаўсюджвальнікі, а карыстальнікі наркотыкаў. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка:

«Мы даволі часта сутыкаемся з тым, што замест часткі першай ставяць частку трэццю па зусім недапушчальных доказах. І суды ідуць насустрэчу следчым, фактычна прымаюць абвінаваўчы ўхіл».

Настойлівасць актывістак руху «Маці 328» зразумелая – ужо некалькі гадоў чыноўнікі цягнуць з канкрэтнымі адказамі на запыты актывістак. Ліяна Шуба, актывістка:

«Гэта будзе ўжо шостая сесія, на якой законапраект не разглядаецца. Да папярэдняй сесіі, да траўня мінулага года яго ўвогуле не было, хаця нам абяцалі. Вось наступная сесія, наступная, наступная. У траўні, я ўпэўненая, што штуршком да паступлення законапраекту ў Палату прадстаўнікоў была менавіта галадоўка маці».

Гаворка пра галадаванне, якое актывісткі пачалі летась у красавіку і якое трывала 15 дзён. На пачатку акцыі колькасць удзельніц дасягала 20 па ўсёй краіне. Былі звароты да замежных дыпламатаў і ў ААН, пісалі лісты кіраўніку краіны. Але зрухі пачаліся толькі цяпер.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu