Пакуль няма каранціну – не форс-мажор. Як дробны і сярэдні бізнес выжывае падчас эпідэміі


Каронавірус шкодзіць не толькі здароўю людзей. У сувязі з пандэміяй цярпяць не толькі эканомікі цэлых краінаў, але і бізнес дробных прадпрымальнікаў. І Беларусь тут не выключэнне.

Нулявыя прыбыткі і нявызначанасць – так апісвае сітуацыю на гомельскім рэчавым рынку мясцовы прадпрымальнік Аляксей. Закрыццё межаў, у першую чаргу з Расеяй, моцна адбілася на мясцовых прадпрымальніках.

«Прыбыткі за зіму нулявыя, наперадзе – адкрыццё сезону. А адкрыццё сезону адбываецца пры закрытых межах. Гэта поўны атас», – эмацыйна выказваецца мясцовы прадпрымальнік Аляксей Байкін.

З вялікімі праблемамі сутыкнуўся і гатэльны бізнес. Турыстаў у Беларусі цяпер няма, таму ўладальнікам гостэлаў прыходзіцца думаць, як выжываць.

«Было б няблага, каб нам далі нейкія арэндныя канікулы. Гэта было б ідэальна з пункту гледжання падаткаў, каб увялі нейкую каранцінную гісторыю. Каб у дамовах пачалі працаваць форс-мажорныя ўмовы. На сённяшні дзень у нас усё добра», – кажа ўладальніца сеткі хостэлаў у цэнтры Менску Ксенія Курусь.

Каб абараніць дробных бізнесоўцаў у цяжкой сітуацыі, аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва» выступіла з прапановамі да дзяржавы:

«Патрэбная матэрыяльная падтрымка прадпрымальнікаў, каб іх захаваць. Прапаноўваем зрабіць прадпрымальніцкі партфель у банку. Кожнаму ІП 1 тыс. долараў бязвыплатнага і 3 тыс. долараў беспрацэнтнага крэдыту на 5 гадоў. Адкуль гэтая сума ўзнікла? Таму што стварыць працоўнае месца ў нашай краіне каштуе каля 4–5 тыс. долараў», – распавядае старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.

Але не ўва ўсіх сферах гандлю такая сітуацыя.

«На гэтым тыдні нам пачалі пісаць, ці працуем мы ў каранцін. Па продажах у нас удару няма, і мы гэтаму радыя. Але і ўсплёску не назіраем, усё дастаткова стабільна. Людзі не баяцца, але ёсць попыт, каб запасціся на будучыню», – дзеліцца досведам Ала Пірумава, уладальніца сэкс-шопу Evolution.

У спробах дагрукацца да дзяржаўных органаў прадпрымальнікі стварылі петыцыю, у якой заклікаюць увесці падатковыя канікулы для малога і сярэдняга бізнесу. За пару гадзінаў яна сабрала больш за 500 подпісаў. Накіраваць зварот плануюць у Міністэрства падаткаў і збораў, а таксама ў Міністэрства фінансаў Беларусі.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»