Пакуль Марадона агітуе за Мадура, Лукашэнка рыхтуе для яго моркву


Як вядома, легендарны футбаліст Д’ега Марадона падпісаў кантракт з Берасцейскім клубам «Дынама», і неўзабаве прыедзе ў беларускі горад над Бугам.

Пакуль жа легенда футболу знаходзіцца ў Венесуэле і ўдзельнічае ў перадвыбарчай кампаніі прэзідэнта Нікаляса Мадура.

Пад рытмы запальнага рэггі аргентынская легенда футболу Дʼега Марадона плясаў на перадвыбарчым фэсце ў падтрымку венесуэльскага прэзідэнта Нікаляса Мадура.

«Я заклікаю да міру і дыялогу. Я ўяўляю сабе той вялікі дзень нацыянальнага дыялогу дзеля дасягнення пагаднення аб эканамічным аднаўленні, эканамічным росце і росце ў сацыяльным, культурным і палітычным сектары ў нашай краіне», – заявіў прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мдура.

Цікава толькі да дыялогу з кім заклікае Мадура? Адзін з апазіцыйных лідараў у турме, другому на 15 год забаронены ўдзел у выбарах. Што да гаспадаркі, то ў краіне ўжо пяты год трывае глыбокі крызіс. У крамах не хапае харчоў і лекаў. А туалетную паперу выдаюць у якасці ўзнагароды лепшым вайскоўцам, якія падаўляюць народныя мітынгі. Ці ж Марадона пра гэта не ведае? Чаму Марадона такі прыхільнік левых поглядаў, ці ёсць гэтаму нейкае апраўданне?

«Пакуль Марадона быў футбалістам ён палітыкай не цікавіўся, а футбалістам ён быў таленавітым, ад Бога. Пасля кар’еры гульца ён сябе нідзе не знайшоў, ні ў трэнерскай працы, ні на менеджарскіх пасадах. Можа таму пачаў падтрымліваць асобных палітыкаў. Нейкая каньюнктурнасць у яго магла быць з дзяцінства, якое ён правёў вельмі бедна», – распавядае спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла.

Легендарны футбаліст у палітычных справах даўно акрэсліў сваю пазіцыю. На правай руцэ Марадона носіць тату з выяваю Чэ Гевары, а на левай назе тату з Фідэлем Кастра.

«Фідэль Кастра зʼяўляецца адзіным палітыкам, якога я паважаю. Ён заўсёды рызыкаваў сваім жыццём. Фідэль ёсць бацькам усіх рэвалюцыяў, якія пачынаюць людзі каб змяніць сітуацыю і дамагчыся прагрэсу. Куба не жыве шыкоўна, але там няма галадаючых», – кажа Марадона.

У Венесуэле сёння галадае кожны сёмы. Але Марадона ўсё роўна называе сябе жаўнерам Мадура, і заяўляе, што ненавідзіць ЗША ад усёй душы.

Але ў любові да аўтарытарных лідараў Марадона не самотны. Можна ўзгадаць таго ж легендарнага баскетбаліста Дэніса Родмана, які не раз наведваўся з візітамі да паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына. Або легенду боксу Майка Тайсана, які сябруе з кіраўніком Чачэніі Рамзанам Кадыравым.

«З аўтарытарнымі лідарамі тусуюцца настолькі ж арыгінальныя, нестандартныя спартоўцы, якіх пры іх спартовай кар’еры называлі «фрыкамі». Родман, Марадона, які пры ўсёй яго геніяльнасці ў футболе вельмі своеасаблівы ў палітычным жыцці. Ад наркотыкаў, па страляніну ў журналістаў», – кажа аглядальнік svaboda.org Віталь Цыганкоў.

З вялікай доляй упэўненасці можна сказаць, што і ў Беларусі Дʼега Марадона знойдзе агульную мову з Аляксандрам Лукашэнкам. Разам яны зʼядуць не адную моркву, і выпʼюць не адную філіжанку «чаю з малінавым варэнʼем». Пасля чаго Марадона распавядзе пра тое, што ў яго зʼявіўся новы сябар.

ІК, «Белсат»