«Пакуль кіруе Ярмошына, выбараў не будзе»


Агітацыйная кампанія прэтэндэнтаў на дэпутацтва ў разгары. Праўладныя і апазіцыйныя кандыдаты на вуліцах беларускіх гарадоў пераконваюць выбарнікаў у тым, што іхная кандыдатура – найлепшая. Чым менавіта?

Мы запыталіся ў кандыдатаў, якія крытыкуюць дзейную ўладу, і ў тых, якія яе хваліць. А Сяргей Дзік – кандыдат у Палату прадстаўнікоў ад «Белай Русі», пабачыўшы нашую камеру, проста ўцякае са свайго ж пікету.

«У мяне няма жадання з вамі размаўляць».

– «Дзіўна, вы ж павінныя неяк сябе прапагандаваць».

– «Чалавек прастудзіўся, вы бачыце».

Каб пачуць, што ўсё ж такі прапаноўвае праўладны кандыдат, вяртаемся да ягонага стэнду ля сталічнага Камароўскага рынку.

«Вы цяпер, тое, што гаворыце, гэта называецца інтэрв’ю».

Пасля невялікай спрэчкі пікетовец з «Белай Русі» патлумачыў, чаму Сяргей Дзік – першы прарэктар

Унівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, ідзе ў Палату прадстаўнікоў: «Развіццё ІТ-адукацыі на сённяшні дзень – гэта актуальная задача, каторая стаіць перад намі. Гэта і ёсць яго генеральная лінія».

У іншым месцы гораду, ля метро «Спартыўная», праходзіў яшчэ адзін пікет – кандыдата ад «Еўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча.

«Мы ідзем да людзей з пытаннямі, якія хвалююць і датычаць усіх. З будаўніцтвам Астравецкай АЭС, якая, калі выбухне, то гэта закране кожнага. З пытаннем чалавека, які ўзурпаваў уладу на 25 гадоў і не аддае яе нікому», – кажа Максім Вінярскі, давераная асоба Паўла Юхневіча.

На пікет прыйшла старшыня акруговай камісіі №103 Ірына Дрозд, якая заявіла, што мерапрыемства – незаконна:

«Акруговая камісія адмяніла рашэнне аб рэгістрацыі Юхневіча Паўла Анатолевіча, таму давераныя асобы таксама згубілі свае паўнамоцтвы».

А яшчэ ўчора Павел Юхневіч запісаў свой выступ на тэлеканале «Беларусь-3». Раней за крытыку Лукашэнкі на БТ з выбараў знялі кандыдатку Паліну Шарэнду-Панасюк. Апытаныя намі жыхары Менску кажуць: «Усе разумеюць, што выбару ніякага няма. Гэта адназначна. Ужо на пачатку выбарчае кампаніі ўсіх зрэзалі нармальных кандыдатаў».

«Колькі трэба, столькі напішуць. Сэнс? Не будзе толку! Пакуль ва ўладзе…»

«Па месцы жыхарства прыходжу, галасую, і ўсё добра».

«На спаборніцтвы, дзе я ведаю загадзя вынік, я туды не хаджу».

У Горадні сёння праходзіў пікет прадстаўніцы Руху маці 328 Ларысы Жыгар. Кандыдатка не сумняецца: сумленных выбараў у Беларусі няма ўжо 25 гадоў. Але змагацца ёй ёсць за што:

«Амаль 19 тысячаў маладых людзей у нас сядзяць у месцах зняволення менавіта па наркатычным артыкуле. Вядома, хацелася б, і я буду гэтага дабівацца, закон пра «дармаедаў» таксама мае быць адменены».

Гарадзенцы ж у сваім стаўленні да выбараў у Палату прадстаўнікоў мала чым адрозніваюцца ад менчукоў:

«Я грамадзянін нашае Рэспублікі, хацела б, каб трапілі ў дэпутаты сумленныя прыстойныя людзі».

«Калі б мы абʼядналіся ўсе, і на той самай працы сказалі б хопіць».

«Пакуль выбарамі будзе кіраваць баба Ліда, ніякіх выбараў не будзе».

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»