Паказуха ці барацьба з карупцыяй? У Гомлі асудзілі мытнікаў


Не 58 падсудных, як у справе ашмянскіх мытнікаў, а толькі 18, але сцэнар той самы: зарганізаваная злачынная група, што бярэ хабар на мяжы. У Гомлі абвесцілі прысуд у справе мытнікаў – скончыўся суд, што цягнуўся 10 месяцаў.

Ад пяці да трынаццаці гадоў пазбаўлення волі ды канфіскацыя маёмасці ад аўтаў да красовак – у Гомельскім абласным судзе абвесцілі прысуд у так званай справе мытнікаў, што цягнецца ўжо некалькі гадоў.

Затрыманне пятнаццаці дзейных і былых гомельскіх мытнікаў адбылося ў пачатку лютага 2016-га. Паводле следства, працаўнікі мытні цягам некалькіх гадоў у складзе мабільных групаў атрымлівалі хабар за праезд у Беларусь фураў без суправаджальных дакументаў з Расеі ці Украіны.

Сваякі абвінавачаных называюць працэс «паказухай» і задаюцца пытаннем, чаму абвінавачаным прапаноўвалі даваць паказанні на кіраўніцтва мытні.

Падчас судовых паседжанняў, што цягнуліся з ліпеня мінулага года, абвінавачаныя звярталі ўвагу суда на шэраг памылак і недакладнасцяў у матэрыялах следства, казалі пра фізічны і псіхалагічны ціск, які на іх аказвалі працаўнікі КДБ. Засталіся пытанні пасля абвешчання прысуду і ў абаронцаў.

«Суд не чуе аргументаў абароны, не чуе аргументаў абвінавачаных. У некаторых абвінавачаных ёсць стоадсоткавае алібі. Людзей абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства арганізаванай групай за працяглы перыяд – 4-6 гадоў, а сума хабару – 100 рублёў, 160 рублёў», – адзначае адвакат Павел Піваварчык.

Тых абвінавачаных, хто не прызнаў сваёй віны, асудзілі на розныя тэрміны зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Тыя, хто віну прызнаў, атрымалі па пяць гадоў зняволення ці абмежавання волі.

Сваякі ды адвакаты абвінавачаных з прысудамі не згодныя і плануюць іх абскарджваць.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Vasily Fedosenko/ Forum