Пакажам сусветным СМІ пратэсты ў Беларусі – новая ініцыятыва Беларускага дому


Даслаць паштоўку з выявамі беларускіх жанчын-пратэстовак найбуйнейшым сродкам масавай інфармацыі. З такой ініцыятываю выступіў Беларускі дом у Варшаве. Сэнс у тым, каб свет не забываўся пра падзеі ў Беларусі, пра тое, што беларусы трэці месяц працягваюць пратэставаць, нягледзячы на гвалт з боку ўладаў. Хто можа далучыцца да акцыі, распавядзе Анастасія Русецкая.

Пакажам усяму свету смеласць і гераізм беларусак, якія змагаюцца за свабоду. З такім заклікам у Дзень маці стартавала адмысловая акцыя Беларускага дому ў Варшаве.

«Мы хочам падтрымаць усіх мам, усіх жанчын, усіх бабуль – усіх тых, хто змагаецца за нашу свабоду», – кажа прадстаўніца Беларускага дому ў Варшаве Анастасія Кажапенка.

«Гэта адна з акцыяў у межах тых ініцыятываў, што падтрымлівае польскі ўрад. Польшча з самага пачатку цяперашняй сітуацыі адназначна выказвалася ў абарону правоў грамадзянаў Беларусі, якія хочуць быць пачутымі ды хочуць самі вызначаць будучыню сваёй краіны», – адзначае намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі.

Ініцыятыва мае заахвоціць найбуйнейшыя медыі ды міжнародныя арганізацыі апублікаваць здымкі беларускіх жанчын на пратэстах. Такім чынам увага ўсяго свету засяродзіцца на спробах гвалтоўнага здушэння беларускага пратэсту, які доўжыцца ўжо трэці месяц.

«Падзеі ў Беларусі працягваюцца, людзі працягваюць выходзіць, і, канечне ж, яны мусяць пра гэта пісаць. І менавіта сёння гэта было прымеркавана да Дня маці. А маці, жанчыны ў Беларусі граюць сапраўды вельмі вялікую ролю ў пратэстным руху», – гаворыць заснавальнік каналаў NEXTA Сцяпан Святлоў.

Далучыцца да акцыі цягам бліжэйшых дзён можа кожны. Дастаткова зайсці на сайт mothersdaybelarus.pl, выбраць фотаздымак, падпісаць ліст і абраць рэдакцыю або арганізацыю, на адрас якой вашая паштоўка прыйдзе ў друкаванай форме.

«Я сама гэта зрабіла. І скажу, што гэта заняло ў мяне літаральна некалькі хвілінаў. Таму гэта не каштуе нічога, але важна нагадваць пра тых людзей, якія сёння змагаюцца. І на міжнароднай арэне таксама. Але шчыра скажу, што важна вельмі – у нас ёсць працоўная група па палітычных вязнях – важна не забываць тых людзей, якія сядзяць цяпер унутры краіны», – падкрэслівае чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

10 адсоткаў палітычных вязняў у Беларусі – гэта жанчыны. Сярод іх – чальцы Каардынацыйнай рады і давераныя асобы Святланы Ціханоўскай. У Дзень маці яны застаюцца за кратамі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»