Пакаранні для незарэгістраванных вылучэнцаў


Атрымаў агулам 45 содняў арышту, аднак нечакана выйшаў на волю пасля 15. Сёння міліцыя вывезла Сяргея Ціханоўскага з ізалятару часовага ўтрымання Гомля і папросту выпусціла на вуліцу.

«Галоўная прычына, чаму мяне затрымалі, я лічу, каб не даць мне падаць дакументы ў ЦІК у якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь», – кажа аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі.

Аўтара папулярнага Youtube-каналу затрымалі 6-га траўня пад Магілёвам – на наступны дзень пасля ягонай сустрэчы з падпісчыкамі. Арыштавалі ж – за ўдзел у леташняй акцыі: супраць беларуска-расейскай інтэграцыі. 15-дзённы тэрмін пакарання павялічыўся ўтрая: блогера двойчы судзілі ўжо за кратамі.

«Уладзе зручна падвесіць вось гэтую пастанову і ў любы момант узяць, арыштаваць чалавека. Тое самае і зараз адбываецца ў Сяргея. Бачыце, два разы па 15. То бок – 30 содняў не адседжаных. Зараз будуць глядзець, куды ён паплыве», – мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Пакуль Ціханоўскі быў за кратамі, паплечнікі спрабавалі зарэгістраваць у ЦВК ягоную ініцыятыўную групу. Аднак атрымалі адмову. Затое Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў групу ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай. А вось як павярнулася спроба абскардзіць у Вярхоўным Судзе адмову ў рэгістрацыі для васьмярых асобаў з каманды Мікалая Статкевіча: міліцыя адрэагавала на тышорткі.

«Лукашэнка баіцца толькі пратэсту. Ён дапускае ў свой выбарчы балаган толькі тых, хто гатовы там свядома ці несвядома граць ролю клоўнаў», – кажа ініцыятар кампаніі «Кандыдаты пратэсту» Мікалай Статкевіч.

Сёння над затрыманымі за зачыненымі дзвярыма адбыліся суды. Пакаранне ў выглядзе сямі содняў арышту атрымаў Арцём Бабок, хоць на ім і не было правакацыйнай майкі. Іншых кандыдатаў пратэсту ды іхных паплечнікаў суд забавязаў сплаціць штрафы ад пяці да 50 базавых велічыняў.

Юлія Лабанава, «Белсат»