Паэзія з аншлагам: у Менску адбыўся дзявяты фестываль «Вершы на асфальце»

У кавярні «Грай» не прабіцца – як на рок-канцэрце, зоркі на сцэне – паэты. Беларускія і замежныя, лірычныя і скандальныя, аўтары розных пакаленняў і розных традыцыяў цягам трох дзён чыталі вершы на трох сталічных пляцоўках. Аншлагі – звыклая рэч для фестывалю.

«Фестываль робіцца па-добраму вар’ятамі для па-добраму. Гэта хваля, якую немагчыма патлумачыць словамі. У нас ёсць добры анёл фестывалю, і завуць яго Міхась Стральцоў. Фестываль спрычыніўся да таго, што ягоная творчасць зрабілася больш культавай, так як ён гэтага заслугоўвае», – распавядае Андрэй Хадановіч, арганізатар Стральцоўскага фэсту.

У межах фэсту новыя паэтычныя кнігі прэзентавалі ў Музеі Максіма Багдановіча. Зборнік «Я и другие люди» Сабіны Брыло – гэта іранічныя жыццёвыя развагі, якія аўтарка публікуе ў Фэйсбуку, дзе яе акурат і знайшоў выдавец Раман Цымбераў. А нараджаюцца вершы часам з выпадковых назіранняў:

«Калі ў люстра паглядзець на ахоўніка, у якога на спіне напісана «Охрана», ты ўбачыш надпіс «Анархо», і я напісала верш, дзе была гэтая сітуацыя. Ну а збольшага вершы нараджаюцца з нейкіх перажыванняў, калі ты больш не можаш трываць», – кажа Сабіна Брыло, паэтка.

Складаныя стасункі з бацькамі і каханне жанчыны да жанчыны – выліліся ў зборнік «Homo» Крысціны Бандурынай, які называюць самым смелым паэтычным дэбютам мінулага года:

«Пра каханне ўвогуле варта гаварыць, што яно бывае розным, бо калі людзі гавораць пра каханне – гэта не прапаганда, гэта пра пачуцці, не пра тое, хто з кім спіць у ложку», – кажа Крысціна Бандурына, паэтка.

Фестываль яднае паэтаў незалежна ад таго, пішуць яны па-беларуску або па-расейску. Як прыклад разнастайнасці гучаць і вершы на старажытнай ліўскай мове, якую ведаюць толькі 20 чалавек у свеце. Госць з Латвіі выдаў зборнік на мове свайго малога народу.

«Сярод 20 носьбітаў мовы ў нас тры паэты – то бок вялізная прапорцыя! Для мяне пісанне на ліўскай мове не столькі разлічанае на публіку, на чытача. Гэта важна для мяне самога, каб працягваць ліўскую літаратурную традыцыю», – выказвае меркаванне Валтс Эрнштрэйтс, ліўскі паэт, Латвія.

Паэтычныя батлы і ціхія музейныя чытанні, уручэнні прэміяў і кніжны кірмаш: фестываль паэзіі – гэта маленькае жыццё для ўсіх, хто цэніць прыгажосць словаў.

Аляксандра Дорская, «Белсат»

Глядзі таксама