Паэт, абаронца Быкава і аўтар «Калыханкі». 5 гадоў без Генадзя Бураўкіна


Паэт, дыпламат, кіраўнік Беларускага тэлебачання ды сябра Назіральнай рады «Белсату». Пяць гадоў таму сышоў з жыцця Генадзь Бураўкін. Патрыёт, які ўсім сэрцам рупіўся за Беларусь і пакінуў у яе гісторыі значны след.

Шчырыя меладычныя вершы пра самае галоўнае – каханне, радзіму, мову – Генадзь Бураўкін пісаў усё жыццё і нават у апошнія дні, калі ведаў пра хуткі сыход, агучыў жаданне: пабачыць выдадзенай кнігу «Нагаварыцца з зоркамі». Воля паэта была здзейсненая. Журналіст Сяргей Шапран з паэтам Уладзімірам Някляевым і выдаўцом Генадзем Вінярскім літаральна за ноч змаглі падрыхтаваць адзін асобнік, і аўтар паспеў патрымаць яго ў руках:

«Ён глядзеў неяк разгублена, ён наблізіў кнігу да вуснаў і потым сказаў: «Дзякуй, хлопцы, дзякуй», і гэта быў апошні вечар, калі я бачыў Генадзя Мікалаевіча. Завяршыўшы ўсе свае зямныя справы, праз тры дні ён памёр», – успамінае Сяргей Шапран, даследнік літаратуры.

Паэт не пакінуў па сабе ўспамінаў, усё адкладаў іх напісанне, як быццам не хацеў падсумоўваць пражытае. Але ў апошнія дні ён даў некалькі інтэрв’ю.

«Калі я запытаўся, якія свае ўчынкі ён лічыць галоўнымі, то ён назваў абарону Быкава ў сярэдзіне 60-х, калі Быкава шальмавалі за аповесць «Мёртвым не баліць», а таксама тое, што Беларускае тэлебачанне зрабіў беларускім», – гаворыць Сяргей Шапран.

У 1978 годзе Генадзь Бураўкін узначаліў Дзяржтэлерадыёкампанію і фактычна пераўтварыў савецкае тэлебачанне ў беларускае. Таксама ён быў прадстаўніком Беларусі ў ААН, дэпутатам Вярхоўнага Савету. Але тое, што сапраўды выгадавала пакаленні, гэта ягоная «Калыханка», пад якую 30 гадоў засынаюць маленькія беларусы. У 2009 годзе яе раптам знялі з эфіру, і спадар Генадзь вельмі цешыўся, калі праз некаторы час песня вярнулася на экраны.

Даследнік літаратуры і журналіст Міхась Скобла:

«Людзі пратэставалі, засыпалі тэлебачанне лістамі, і, відаць, гэта падзейнічала. І вось у гадзіну ночы яму тэлефануе ягоны суаўтар па «Калыханцы» Васіль Раінчык і кажа: «Генадзь, нашая калыханка – ізноў у эфіры, яе ўжо больш ніхто не здыме».

Генадзь Бураўкін так і не атрымаў звання народнага паэта. Але ці важныя дзяржаўныя ўзнагароды, калі вершы адгукаюцца ў сэрцах?

Аляксандра Дорская, belsat.eu