«Паедзем. Паядзім» на могілках


Дзейнасць рэстарацыі «Паедзем, паядзім» на ўскрайку ўрочышча Курапаты пакуль што далей за рэкламу ў інтэрнэце не выходзіць. Між тым неабыякавыя грамадзяне, якія пратэстуюць супраць гэткага суседства побач з месцам масавых сталінскіх расстрэлаў, спыняцца не збіраюцца. Сёння ў Курапатах адбылася чарговая акцыя.

Аматары паесці побач з месцам, дзе ад рук сталіністаў загінулі дзясяткі, а то і сотні тысячаў невінаватых людзей, працягваюць вымушаную «дыету». Абаронцы Курапатаў, якія апоўдні прыйшлі да брамы рэстарацыі «Паедзем, паядзім», збудаванай літаральна за паўсотню метраў ад памятных крыжоў, як і ўчора, зноўку пабачылі на ёй надпіс «Закрыта».

«Калі гэтыя людзі захочуць тут нешта зрабіць такое, дзе можна піць гарэлку, паліць цыгарэты, танчыць і г.д., гэта будзе вялікі грэх. Таму я і прыйшоў. Калі яны паспрабуюць рабіць нешта такое і спрабаваць сёння адчыняцца, я буду ім пра гэта гаварыць», – кажа абаронца Курапатаў Алесь Сакалуха.

«Ужо хаця б тое добра, што людзям сорамна адкрыцца. Ужо гэта – дасягненне ў нашай дзяржаве манкуртаў, якіх Лукашэнка пладзіў 24 гады. Ужо ў гэтай дзяржаве і ў гэтай сітуацыі – ужо ім сорамна адкрыцца!», – лічыць актывіст Зміцер Дашкевіч.

А таму, счакаўшы крыху часу, абаронцы сышлі беспасярэдне на тэрыторыю мемарыялу, дзе зладзілі талаку для добраўпарадкавання Курапатаў, а таксама экскурсію.

«Нашыя патрабаванні застаюцца ранейшыя. Яны вельмі простыя. Трэба, каб улады адклікалі ўсе дазволы для гэтае ўстановы, і на базе гэтае маёмасці быў створаны музей камуністычных рэпрэсіяў», – зазначае абаронца Курапатаў Вячаслаў Сіўчык.

Месца не для адпачынку

«Не атрымаецца нікому тут адпачываць без адчування маральнага дыскамфорту. І я думаю, што нашая задача як раз – гэткую маральную атмасферу вакол гэтага месца стварыць. Тады, я думаю, усё ў нас атрымаецца», – лічыць намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Дарэчы, менавіта грамадскі розгалас, на які абаронцы Курапатаў спадзяюцца, паводле нядаўняга прызнання ўладаў, і стаўся прычынаю таго, што анансаванае яшчэ на ўчора адкрыццё рэстарацыі «Паедзем, паядзім» адкладаецца.

Ужо заўтра ў Курапатах а 13-ай гадзіне адбудзецца дазволены ўладамі мітынг-рэквіем Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, прымеркаваны да 30-цігоддзя адкрыцця праўды пра масавыя расстрэлы сталіністамі мірных людзей ва ўрочышчы.

Фота: Sasha Chebotarev