Падзяляй і ўладар. Як улады раскалолі апазіцыю перад юбілеем БНР


Апазіцыйная супольнасць даўно казала, што ўлады не гатовыя да дыялогу. І вось неафіцыйна і толькі па адной справе гэты дыялог можа адбыцца. Але цяпер няма згоды ў самых апазіцыйных колах. Менскі гарвыканкам раіць адмовіцца ад шэсця на Дзень Волі і абяцае дапамагчы зладзіць святочную акцыю ў Парку Янку Купалы ці каля Опернага тэатру і нават болей.

Ці ёсць шанец на кампраміс?

Неафіцыйная прапанова ўладаў справакавала эмоцыі, годныя вялікай сцэны. План Менскага гарвыканкаму выклікаў гарачую дыскусію на сядзібе БНФ. Аргкамітэт святкавання 100-годдзя БНР спрачаўся да позняга вечара

«Што рабіць? Адкінуць яго? Маўляў, мы такія крутыя? Не, калі прапанаваная перамоўная пляцоўка, яе трэба скарыстаць. Прыйсці туды на гэтую пляцоўку са сваімі прапановамі», – упэўнены Уладзімір Някляеў.

А чаго ўвогуле хацелі?

Апазіцыя планавала шэсце ад плошчы Якуба Коласа праспектам Незалежнасці – да плошчы Свабоды, дзе меўся адбыцца святочны канцэрт. Менскі гарвыканкам прапанаваў адмовіцца ад шэсця і правесці мітынг ды канцэрт у парку Янкі Купалы ці каля Опернага тэатру.

«Я думаю, што зараз мы павінны сфармаваць групу перамоўнікаў, якіх накіраваць у Менгарвыканкам і настойваць на варыянце ад Якуба Коласа да Опернага тэатру. Я думаю, што будзе пры гэтым забяспечана і годнае шэсце, і канцэрт», – даводзіць апазіцыйны палітык Павал Севярынец.

Перамоўная група ўжо сфармаваная

У яе склад увайшлі 8 асобаў – і тыя, хто настойвае на шэсці, і тыя, хто згодны на канцэрт. На карысць Опернага тэатру – маштаб пляцоўкі.

А таксама тое, што ўлады абяцаюць даць гукаўзмацняльную апаратуру і не патрабаваць грошай за паслугі міліцыі.

«Калі зараз весці барацьбу за шэсце, то часу засталося зусім няшмат – менш за месяц, 25 дзён. Калі мы зараз тыдзень будзем вырашаць можна гэта ці не, то ў нас губляецца час, каб рэальна арганізаваць мерапрыемства», – папярэджвае Павел Белавус, кіраўнік «Арт-Сядзібы».

Замест бізуна – пернік

Неафіцыйна таксама вядома, што ў выпадку згоды ўлады гатовыя на яшчэ адную саступку – усталяваць памятны знак да 100-годдзя БНР. Шыльда мае з’явіцца на вуліцы Валадарскага 9, дзе 25-га сакавіка абвесцілі незалежнасць Беларускай народнай рэспублікі.

«Тут тая сітуацыя, калі палітыка – мастацтва магчымага. З абодвух бакоў. Ці хопіць розуму, мудрасці і ва ўладаў, і апазіцыі, каб падысці годна, пабачым. Пакуль што пытанне адкрытае», – падсумаваў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Найгоршы сцэнар – зʼяўленне на акцыі самых заўзятых «тэатралаў» – як іх называе кіраўнік менскага АМАПу.

Як падчас леташняга Дня волі, які адбыўся без дазволу ўладаў і скончыўся брутальным збіццём ды масавымі арыштамі ўдзельнікаў мірнага шэсця.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Drachev Viktor / TASS / Forum