Падвысяць пенсіі ды сацыяльныя выплаты, прызавуць у войска паводле новых правілаў: перадвыбарчыя «падарункі» ад уладаў


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падвышае бюджэт пражыткавага мінімуму больш як на 9 рублёў (Br 9,32), і цяпер ён складзе 256,10 капеек.

«На маю думку, гэта наагул не павышэнне мінімальнага пражыткавага бюджэту, а хутчэй за ўсё, стварэнне інфармацыйнай нагоды казаць пра павышэнне. Таму што, ну 9 з капейкамі – што гэта сёння? А калі яшчэ мець на ўвазе, што інфляцыя ў гэтым годзе ў нас будзе большая, чым у мінулым, то ўжо палову гэтага падвышэння яна з’ела», – кажа Аляксандр Ярашук, лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Павелічэнне пражыткавага мінімуму падвышае сацыяльныя выплаты. Пры нараджэнні першага дзіцяці бацькі ад сёння атрымаюць на 69 рублёў больш, на другога і наступных – болей на 96 рублёў.

Але ці паўплывае гэта на рост нараджальнасці? Паводле Белстату, летась у Беларусі нарадзілася 87 тысячаў 851 дзіця. Гэта, як сведчаць адмыслоўцы, гістарычны мінімум аж ад пасляваеннага 1945 года. У чым прычыны – пытаемся ў жыхароў сталіцы.

«Калі няма стабільнасці, куды ж нараджаць? У найлепшым выпадку адно дзіця».

«У першую чаргу – гэта эканамічныя праблемы. Таму што калі двое дарослых, што атрымоўваюць сярэдні заробак, з двума дзецьмі – гэта вельмі цяжка».

«Усе хочуць роўнасці, таму жанчыны такім чынам паказваюць, што яны могуць працаваць, зарабляць. А не толькі глядзець дзяцей».

Як сведчыць статыстыка, беларуская нацыя старэе, а ў пенсійным фондзе павялічваецца дэфіцыт сродкаў. У той жа час улады пераглядзелі пенсіі. З 1-га жніўня сацыяльныя пенсіі падрастуць на 6,6 %.

«Як на мой погляд, кожнае падвышэнне робіць пенсіянера бяднейшым. Ну на што можна? Гэта пойдзе на тое, што яны падвысілі кошты. Прычым нават не хопіць гэтага», – кажа старшыня грамадскага аб’яднання пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко.

Праз дэмаграфічныя праблемы скарачаецца і колькасць прызыўнікоў. Аднак новы закон, які падпісаў кіраўнік краіны і які набудзе моц акурат у дзень выбараў, 9-га жніўня, мае на мэце выправіць сітуацыю з папаўненнем войска.

Цяпер прызыўнік не зможа атрымаць больш за адну адтэрміноўку ў арміі, у тым ліку – і дзеля паступлення ці вучобы. Інтэлект нацыі задушаць армейскім ботам!?

Таму – распрацоўванне гэтага закону зазнае крытыцы з розных бакоў.

«Думаю, што колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй з якаснай скароціцца, і гэта, канечне, будзе несці страты для нашай эканомікі ў далейшым, асабліва для сферы навукі», – лічыць Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік.

Закон зменіць і патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў. Да прыкладу, цяпер прыдатнымі да службы з’яўляюцца маладзёны са скаліёзам II ступені з кутом скрыўлення 11-17 градусаў або з такой анамаліяй сэрца, як «адкрытае авальнае акно».

Таццяна Уласенка, «Белсат»