Падвышэнне пенсіяў: надбаўка склала 46 капеек


Павялічыўся бюджэт пражыткавага мінімуму, павысіліся дапамогі і пенсіі. Але разам з гэтым даражэйшымі сталі некаторыя паслугі і тавары. Якія фінансавыя змены адбудуцца ў лістападзе?

На капейкі, але больш. Бюджэт пражыткавага мінімуму на душу насельніцтва ад сёння павялічыўся на няпоўны рубель. Гэта самае малое павелічэнне сёлета.

«З аднаго боку патрабуюць неяк да выбараў падняць заробак, з іншага боку – на гэта няма рэсурсу. Таму што эканоміка не расце, і ўзяць аднекуль рэсурсы дзеля рэальнага павышэння заробкаў людзей фактычна немагчыма цяпер», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Перагляд велічыні паўплываў адпаведна на памеры дапамогі на дзяцей – яны цяпер складаюць ад 0,5 да 14 бюджэтаў пражыткавага мінімуму. Большымі сталі таксама пенсіі: надбаўка да стандартнай пенсіі склала 46 капеек. Дасягнуць абяцанай пенсіі памерам 40 % ад сярэдняга заробку пакуль не ўдалося.

«Цяпер магчымасці павышэння заробкаў рэальна скончыліся, апошнія два месяцы заробкі не павялічваюцца, і мы адчуваем, што кошты павялічваюцца. Цяпер статыстыкі няма – што адбываецца апошнія два месяцы, але мы адчуваем усе, што кошты павялічваюцца», – дадае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Як жывуць беларусы на адну пенсію? Ці даводзіцца ім ашчаджаць? Мы пацікавіліся ў пенсіянераў Менску:

«Ну адзін дык дакладна не пражывеш, удваіх яшчэ можна працягнуць крыху, існаваць».

«Мяса нельга сябе дазволіць, каўбасу дарагую нельга сябе дазволіць».

«Выжываць дапамагае тое, што ў нас гародніна і садавіна – яблыні, грушы, ягады мы вырошчваем на ўчастку».

«Толькі ежа, рэчы ўжо не даводзіцца набываць на гэтую пенсію. Або трэба ў чымсьці сябе абмяжоўваць».

Традыцыйна з павелічэннем бюджэту пражыткавага мінімуму вырастаюць і некаторыя выдаткі на паслугі ды тавары не першай неабходнасці. Гэтак, стане даражэй паліць. Цыгарэты вырастуць у коштах ад адной да 10 капеек. Ажно на 10 рублёў павялічыцца кошт таксоўкі ў Нацыянальны аэрапорт. Яшчэ адно падаражэнне, не звязанае з бюджэтам: цяпер беларусам давядзецца плаціць 80 еўраў за эстонскую нацыянальную візу.

Юлія Лабанава belsat.eu