«Падумаеш, памыліўся». Як ДАІшнікі плююць на закон


Барацьба Сяргея Ермаленкі з магілёўскай ДАІ пачалася летась у верасні. Тады кіраўнік міжраённага аддзялення Марат Чумакоў здолеў разгледзець перавышэнне дазволенай лічбы пасажыраў у маршрутцы Ермаленкі. Суд Кастрычніцкага раёну Магілёву засумняваўся ў здольнасці праваахоўніка пералічыць пасажыраў у едучым аўце і звярнуў увагу на процьму памылак у адміністрацыйным пратаколе.

Гэта быў толькі пачатак прыгодаў кіроўцы

«Я ехаў на маршруце, мяне спынілі супрацоўнікі, папрасілі дакументы і выйсці з машыны. На пытанне – прычына затрымання, сказалі, што магчыма машына знаходзіцца ў арышце», – узгадвае Сяргей.

Апынулася, што гаворка вядзецца пра штраф дзесяцігадовай даўніны памерам у Br 140. Машыну ўзялі пад арышт. Паводле юрыста, гэтая справа ад самога пачатку поўная парушэнняў

«Няма суразмернасці штрафу да памеру аб’екта – то бок маршруткі, якой ён валодае. Гэта неразумна. Яны павінныя былі яго паінфармаваць пра тое, што пачынаецца адміністрацыйны працэс, што на яго маёмасць будзе накладзены арышт», – даводзіць Аляксандр Хамратаў з Незалежнага прафсаюзу РЭП.

Штраф кіроўца аплаціў яшчэ ў 2008 годзе

Але ў ДАІ яму заявілі – ня маеш квітанцыі, значыць не заплаціў. Хіба кожны кіроўца маршруткі з-за асаблівасцяў працы мае процьму падобных дробных штрафаў. Але ці захоўваюць пацверджанні аплаты?

Калі пацверджанне ўдалося атрымаць з падатковай, знайшлося і іншае парушэнне, за якое Ермаленка ўжо таксама заплаціў штраф у адную базавую

«Ёсць пастанова з маім подпісам, дзе адна базавая. Гэты ж пратакол выпраўлены, прычым вельмі груба, без яго… без яго адмены. І складзены на падставе таго, што стары (пратакол) страціў сваю сілу і выстаўляецца іншы, але сума штрафу ўжо іншая, то бок пяць базавых. Я падняў гэтае пытанне, мне сказалі – падумаеш, інспектар памыліўся», – абураецца спадар Ермаленка.

Інспектар не проста памыліўся

Ужо пасля падпісання пратаколу кіроўцам выправіў артыкул па якім адбылося правапарушэнне і суму штрафу. На меркаванне юрыста, усё гэта выглядае, як нейкая змрочная гісторыя

«Наўрад ці б судовыя выканаўцы проста так узяліся б адшукваць штрафы, якім 10 год. Гэта на мой погляд нейкая злачынная змова паміж магілёўскай дзяржаўтаінспекцыяй і аддзелам прымусовага выканання, які ёсць нічым іншым, як помстай грамадзяніну, які да гэтага выйграваў суды», – мяркуе Аляксандр Хамратаў.

Спрачацца за некалькі базавых кіроўца не збіраецца і ўжо даплаціў рэшту абноўленага штрафу. Але справу гэтак не пакіне і падае скаргу на інспектара ДАІ за падробку дакументаў. Суд можа і выйграе, толькі што будзе пасля чарговай перамогі?

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»