«Падтрымка фенаменальная». Рэстараны далучаюцца да акцыяў салідарнасці з пратэстоўцамі


Сілавікі на чале з кіраўніком Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалаем Карпянковым разбілі шкляныя дзверы ў сталічнай кавярні «Апетыт» («OPetit»). Тут падчас адной з акцыяў пратэсту схаваліся яе ўдзельнікі. Дзверы хутка адрамантавалі, а ў кавярні на знак салідарнасці амаль тыдзень стаяла чарга з наведнікаў. Цяпер месца таксама карыстаецца папулярнасцю.

У кавярні «Зерне» за дапамогу мітынгоўцам сілавікі сапсавалі вулічную мэблю і клумбы. Не зважаючы на рызыку, кожныя выходныя спіс установаў, якія зачыняюць дзверы перад сілавікамі, расце.

«Мне здаецца, маршы і выхады людзей на вуліцы з мірнымі дэманстрацыямі спрыяюць таму, што мы перастаем баяцца. Гэта новая зʼява, што мы сталі клапаціцца адзін пра аднаго і не спадзявацца на дзяржаву, бо краіна і дзяржава – гэта дзве розныя рэчы», – лічыць уладальніца рэстарану «Сіняя каза» Ксенія Фёдарава.

Салідарнасць з мітынгоўцамі ўстановы грамадскага харчавання выказваюць па-рознаму. Рэстаран «Сіняя каза» хаваў мітынгоўцаў у дзень выбараў, цяпер тут бясплатна частуюць каваю студэнтаў, працаўнікоў Таварыства выратавання на водах і журналістаў. А нядаўна сталі ладзіць вечары са спевамі беларускіх песень.

«Гэта было для сваіх працаўнікоў, зразумела, што мы ўвесь час ходзім у напрузе, страху і перажываннях. Аказалася, што гэта вельмі запатрабавана, я не чакала, што прыйдзе столькі гасцей і што яны ведаюць гэтыя песні», – кажа Ксенія.

Некаторыя ўстановы далучаліся да акцыі салідарнасці і не працавалі адзін дзень. Іншыя адмовіліся абслугоўваць працаўнікоў МУС. Некалькі сталічных харчэўняў пачалі рыхтаваць ежу ў бел-чырвона-белых колерах. Кажуць, таксама на знак салідарнасці. Сталічная кавярня гатуе кебаб з чырвонаю паласою.

«Падтрымка была фенаменальная. Першыя некалькі дзён людзі стаялі ў чарзе па паўтары-дзве гадзіны. Мы прымалі перадзамовы, запісвалі тэлефоны», – дзеліцца Настасся Ціранава, уладальніца «Shawarma».

Цяпер ціску з боку ўладаў уладальніца кавярні не адчувае, але чакае, што папулярнасць бел-чырвона-белага кебаба не пакіне чыноўнікаў абыякавымі.

«Установу агульнага харчавання, калі ёсць жаданне зачыніць, заўсёды можна зачыніць. Таму мы цяпер максімальна ўсё давялі да ідэалу. Але, вядома, пабойваемся. І дыверсіі. Усё можа здарыцца», – кажа Настасся.

Шмат якія ўладальнікі кавярняў, салідарных з пратэстоўцамі, адмовіліся распавядаць пра сваю пазіцыю адкрыта і паказваць твар. Яны баяцца санкцыяў і рэпрэсіяў у адносінах сябе ды сваіх установаў.

Алена Дубовік, «Белсат»