Падрыхтоўка да выбараў у Беларусі: расейскія баевікі і праўладныя рэйтынгі кандыдатаў


Чым бліжэйшыя выбары, тым больш напружанай робіцца інфармацыйная прастора краіны. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, сёння ўначы пад Менскам праваахоўнікі затрымалі баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер». А Лукашэнка сабраў тэрміновую нараду з чальцамі Савету бяспекі.

33 расейскія баевікі з вайсковай кампаніі «Вагнер» затрыманыя сёння ўначы пад Менскам беларускімі сілавікамі – паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА. Усяго ж на тэрыторыю нашай краіны згодна з інфармацыяй, якую атрымалі праваахоўнікі, для дэстабілізацыі сітуацыі прыбылі больш за дзвесце баевікоў.

«Гэта могуць быць сапраўды супрацоўнікі кампаніі нейкай вайсковай. Пытанне – чаму яны прыехалі ў Беларусь. Ці рыхтавалі яны нешта? Можа, гэта ў адпачынак людзі прыехалі. Доказы мусяць датычыць таго, што яны мелі злачынныя планы, што яны рыхтавалі нейкую дэстабілізацыю і гэтак далей», – кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

Паводле БелТА, кожны расеец меў пры сабе невялікую ручную паклажу. Увагу ж да сябе ў санаторыі, куды засяліліся, яны выклікалі не характэрнымі для расейскіх турыстаў паводзінамі а таксама адзеннем у стылі мілітары. Праўдзівасць інфармацыі пра затрыманне баевікоў у Беларусі выклікала сумневы ў расейскай Дзярждуме.

«Я думаю, што Лукашэнка папросту ўпершыню сутыкнуўся з рэальнай канкурэнцыяй з боку іншых прэтэндэнтаў. Мяркую, што сапраўды да яго ёсць пытанні з боку насельніцтва рэспублікі, але мы заўсёды падкрэслівалі, што гэта ўнутраныя справы Беларусі, справа беларускага народу. Мы гатовыя працаваць з любым прэзідэнтам, якога абярэ беларускі народ», – сказаў намеснік старшыні Камітэту абароны Дзярждумы РФ Юрый Швыткін.

Тэрарысты напярэдадні выбараў у нашай краіне зʼяўляюцца традыцыйна. Гэтак, у 2006 годзе КДБ распавёў пра змову і падрыхтоўку баевікоў. Труціць насельніцтва яны нібыта планавалі з дапамогай дохлага пацука, кінутага ў водаправод. У 2010 годзе ў мікрааўтобусе альтэрнатыўнага кандыдата Уладзіміра Някляева знайшлі «арматуру і дымавыя шашкі». Гэтым разам небяспеку ўбачылі ў Расеі. А каб не пагоршыць стасункаў з Крамлём, абраная адмысловая фармулёўка.

«Прыватная кампанія. Думаю, цалкам прадумана выбраная менавіта такая фармулёўка – што гэта зноў жа нейкія алігархі, не звязаныя, канечне, ніяк ні з Пуціным, ні з кіраўніцтвам Расеі афіцыйным», – гаворыць Андрэй Казакевіч.

Не забываюцца ўлады і на мірную падрыхтоўку электарату. Звесткі сацыялагічнага апытання, праведзенага Аналітычным цэнтрам Ecoom, на замову тэлеканалу АНТ, сведчаць, што падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах гатовыя больш за 72 адсоткі беларусаў. Святлана Ціханоўская – найбольш папулярны альтэрнатыўны кандыдат – мае сем з паловай адсоткаў.

«Я думаю, на жаль, гэта брахня. Я не лічу, што гэта сапраўдныя лічбы».

«Тры адсоткі – вось рэальная лічба. Буду галасаваць за Ціханоўскую».

«Я хачу галасаваць за дзейнага прэзідэнта. А ці веру я гэтым лічбам – нават не магу адказаць на такое пытанне. Статыстыка ёсць статыстыка, і можна, мяркую, давяраць лічбам».

«Я не веру, галасаваць буду за Ціханоўскую. Усё як заўсёды: мана, вось і ўсё», – кажуць жыхары Віцебску.

Сама ж кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская, якая збірае тысячы людзей у розных гарадах краіны, упэўненая, што за ёй гатовыя пайсці 97 %. На думку Анатоля Лябедзькі, лічбы праўладнай статыстыкі – усяго толькі палітычная эквілібрыстыка.

«Я чакаю аднаго – Лукашэнка. Ярмошына, Караеў, Вакульчык, Качанава – яны будуць прызначаць Аляксандра Лукашэнку чарговы раз прэзідэнтам Беларусі. Гэта прызначэнне, гэта не выбары. Але бадай што ўпершыню ў яго не будзе легітымнасці ўнутры краіны. Гэта азначае, што большасць беларусаў не будзе прызнаваць яго сваім прэзідэнтам, законна абраным», – гаворыць дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Пасля ж выбараў нягледзячы на масавыя рэпрэсіі – упэўнены Лябедзька – супраціў уладам не згасне і можа выбухнуць страйкамі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»