Падрабязнасці авіякатастрофы «Боінга-727» у Кыргызстане


Трагедыя адбылася а палове на восьмую раніцы паводле мясцовага часу. Загінулі ўсе 5 чальцоў экіпажу. Рэшта ахвяраў – жыхары пасёлку, сярод якіх прынамсі шасцёра дзяцей. Паводле Міністэрства аховы здароўя Кыргызстану, колькасць ахвяраў можа вырасці.

«Спачатку быў моцны хлапок, пасля чаго моцна ўстрэсла ўсе дамы ў ваколіцы. Натуральна, усе адразу перапужаліся», – узгадвае жыхар пасёлку.

Турэцкі грузавы самалёт, які выконваў рэйс Гон-Конг – Бішкек – Стамбул двойчы спрабаваў зайсці на пасадку. У выніку лятак пашкодзіў стужку пасадачна-сігнальных агнёў на ўзлётнай паласе, зачапіў дрэвы і будынак аэранавігацыі, пасля чаго рынуў на жылыя дамы.

Праз некалькі гадзінаў урад стварыў адмысловую камісію дзеля ўсталявання прычынаў падзення «Боінга 747». Папярэднюю версію агучыў міністр транспарту і дарог Кыргызстану Жамшытбек Калілаў.

«Цяпер на месцы працуюць адмыслоўцы, створаны штаб у расследаванні прычынаў аварыі. Чаму ён не змог упісацца – праз тэхнічны збой ці ўмовы надвор’я, мы пакуль сказаць не можам», – зазначыў міністр.

Грузавы Боінг 747-400F можа перавозіць да 100 тонаў грузу і лічыцца вельмі надзейным паветраным летаком на працяглыя пералёты.

Дырэктар авіякампаніі «Air Kyrgyzstan» Жалдашбек Бектурганаў прытрымліваецца версіі, што прычынаю катастрофы магла стаць памылка пілотаў.

«У 99 % такіх выпадкаў віна цалкам ляжыць на пілотах. У выпадку складаных умоваў надвор’я пасадку неабходна было адмяніць. На самалётах усталяваная сістэма інструментальнага заходу на пасадку. Выглядае на тое, што пілоты яе не ўжылі», – Жалдашбек Бектурганаў.

На меркаванне мясцовых жыхароў, прычынаю памылкі пілотаў мог стаць густы туман, які з раніцы ахутаў мясцовасць. Хоць, нягледзячы на цяжкія ўмовы надвор’я, аэрапорт Бішкеку прыняў перад гэтым 11 бортаў на пасадку.

«Нібы нядбайнасць лётчыка ці яшчэ кагосьці, таму што не павінныя былі, абсалютна не павінныя былі пускаць. Напэўна, таму што туман быў».

Пры падзенні самалёт разбурыў 15 дамоў. Цяпер на месцы катастрофы працуюць надзвычайныя службы. Паліцыя ачапіла месца здарэння і ўжо затрымала прынамсі аднаго марадзёра. Заўтрашні дзень абвешчаны ў Кыргызстане жалобным.

Ігар Віняўскі, «Белсат»