Аб'ектыў 21.08.2019 Падлеткі на Youtube: якія карысці і ў чым небяспека?


Паводле Белстату, 98 % дзяцей ад 11 да 15 год маюць доступ да інтэрнэту. Пераважная большасць з іх онлайн штодня. Влогінг – папулярнае хобі сярод дзяцей і падлеткаў.

12-гадовая Ксенія Леўчык – папулярная менская блогерка. Адметнасць яе каналу – стварэнне кавэраў на папулярныя гіты. Тры гады таму дзяўчына ўдзельнічала ў расейскім шоу «Голас». Далей за сляпыя праслухоўванні Ксенія не прайшла, але атрымала натхненне для ўласнага блогу.

«Я часта глядзела розных блогераў, любіла сама здымаць усё на тэлефон і падумала, чаму б мне не пачаць здымаць, і мы з бацькамі кшталту дамовіліся, і ўсё так і атрымалася. Здымаем каверы, і вельмі мне гэта падабаецца», – распавядае блогерка Ксенія Леўчык.

Паступова колькасць падпісантаў пачала расці.

«100 тысяч падпісантаў – срэбны гузік Youtube. Далей залаты гузік, ужо на мільён падпісантаў, ён у два разы большы. Вельмі для мяне важная ўзнагарода», – гаворыць блогерка Ксенія Леўчык.

Штодня Ксенія атрымлівае некалькі соцень паведамленняў. У блогінгу дзяўчыне дапамагае тата. Менавіта ён і вядзе яе Youtube-канал.

«Пішуць шмат, але дзякуй Богу на Youtube ёсць добры фільтр, фільтр словаў, мы ўсе гэтыя чорныя брудныя словы закідаем у гэты фільтр, і яны ўсе адлюстроўваюцца. На сённяшні дзень у нас дастаткова чыстыя каментары», – кажа Максім Леўчык, тата Ксеніі.

Апошні час дзяцей-блогераў усё больш. Паводле леташняй справаздачы часопісу «Форбс», самы прыбытковы Youtube-блогер – сямігадовы Раян Каджы, які летась зарабіў 22 мільёны долараў. З дзіцём у першую чаргу варта мець даверлівыя стасункі, і найлепей, каб бацькі кантралявалі кантэнт сваіх дзяцей, мяркуе псіхолаг Валянціна Шукан. Бо…

«Лобныя долі, якія адказваюць у падлетка за сацыяльны кантроль, самакантроль, – яны развіваюцца значна пазней, чым падлетак робіцца, як яму падаецца, дарослым. Шмат якіх рэчаў ён не можа кантраляваць з простай фізіялагічнай прычыны», – тлумачыць Валянціна Шукан, псіхолаг цэнтру «Цэнтр».

Каб абараніць сваё дзіця ў інтэрнэце, варта яму растлумачыць, што ў блогу не варта публікаваць сваіх прыватных звестак. Што да прыватных паведамленняў…

«Трэба патлумачыць дзіцёнку, што ёсць і пытанні, і звесткі, і інфармацыя, якая да цябе паступае ад розных людзей, ты маеш права не рэагаваць на гэтую інфармацыю, не даваць нейкіх звестак, ты на гэта маеш права», – кажа Валянціна Шукан, псіхолаг цэнтру «Цэнтр».

Як жа рэагаваць на каментары нядобразычліўцаў? Тут можа параіць вядомы палітычны блогер Нехта, для якога негатыўныя каментары – справа штодзённая.

«Самыя негатыўныя каментары, смешныя, яны звычайна смешныя, я выстаўляю ў публічную прастору, напрыклад, у Інстаграм, і мы разам з падпісантамі абмяркоўваем так званых хейтэраў», – каментуе Сцяпан Святлоў.

Шмат якія глабальныя карпарацыі не дазваляюць зарэгістравацца карыстальнікам, малодшым за 14 гадоў. Таму да гэтага ўзросту акаўнт мусіць весці хтосьці з бацькоў. Блогінг можа развіць у дзіцяці шмат якія таленты: навучыць лагічна фармуляваць думкі, павысіць самаацэнку і даць магчымасць выгаварыцца. Таму папулярнае хобі можа быць вельмі карыснае для самаразвіцця падлетка.

Наста Кахановіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары