Падчас суботніку згарэў старажытны касцёл


Часам і такая здавалася б добрая справа як упарадкаванне тэрыторыі, можа давесці да бяды. Напярэдадні міжнароднага дня архітэктурных помнікаў на Гарадоччыне згарэў драўляны касцёл – помнік архітэктуры.

Яшчэ ёсць нумар у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але няма ўжо ані сценаў, ані даху – толькі падмурак, галавешкі ды попел.

«Славутасць адна рамнёўская, якая была, і тая згарэла» – засмучаецца жыхарка вёскі Рамні.

Драўляны касцёл у вёсцы Рамні на Гарадоччыне загарэўся выпадкова, лічаць мясцовыя жыхары.

«Суботнік во рабілі тут. Можа, якая іскра трапіла, вось і ўсё, і згарэў».

«Суботнік быў ці што там было, я не знаю. Рабілі там, працавалі, дровы ўбіралі, усё чыста ўбіралі, а што там атрымалася з ім – хто яго ведае. 43 Ці можа акурак хто кінуў ці яшчэ што».

Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1896 годзе, спалучаў некалькі стыляў: класіцызм, мадэрн і псеўдарускі. Пасля рэвалюцыі 1917 года будынак выкарыстоўваўся як склад, а цягам апошніх трох дзясяткаў гадоў – пуставаў.

«Гэта касцёл, так, і сюды мы не хадзілі, тут ужо калгасы былі, і ён стаяў да тых пор, пакуль ужо прыйшло яму».

У гэтых мясцінах каталікоў ужо няма, таму ў 90-я будынак хацелі перадаць праваслаўным і нават узяліся аднаўляць.

«Хацеў поп яго адрамантаваць, і зрабіць хацеў, і чалавека наняў, каб яго рабіць, а потым узялі, забаранілі – кажуць, не паложана, тады бацюшка і не стаў яго рабіць».

«Грошы збіралі на нейкую рэстаўрацыю, будавалі-будавалі, лес той потым згніў, яго парэзалі на дровы і ўсё».

«Неабкошаны, нічога. Калі дзесьці ён лічыцца, павінны прыязджаць, глядзець за ім, акультурваць што-небудзь».

Мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі адзначае, што архітэктурныя помнікі ў такім стане ёсць у кожным раёне Беларусі.

«Сітуацыя насамрэч у краіне катастрафічная, з дня на дзень абрынецца касцёл у Княжыцах, проста пры дарозе на Магілёў, у Магілёўскім раёне. Касцёл у Смалянах або вежа замкавая ў Смалянах, якая ў любую хвіліну можа таксама абрынуцца, – унікальныя помнікі, і такіх дзясяткі, калі не сотні помнікаў па ўсёй краіне, у кожным раёне», кажа мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі.

Ні ў мясцовых уладаў, ні ў дзяржавы няма грошай ні на кансервацыю, ні тым больш на аднаўленне помнікаў архітэктуры, заўважае мастацтвазнавец. А галоўнае, падкрэслівае Харэўскі, грамадская свядомасць застаецца на ўзроўні 30-гадовай даўніны. Таму пачынаць трэба з адукацыі ды змены прыярытэтаў.

«Падмурак жа застаўся, дык, можа, і зробяць што-небудзь».

Ірына Дарафейчук, belsat.eu