Падаткавая просіць стучаць. А беларусы не хочуць


Падатковая інспекцыя звяртаецца да савецкіх метадаў. Менчукам прапануюць «здаваць» праваахоўнікам людзей, якія ўхіляюцца ад аплаты падаткаў. У сталіцы пачалася акцыя пад назваю «Заплаці падаткі – працуй сумленна». Яна працягнецца да 23 сакавіка. З чым звязаная гэткая актыўнасць і ці будуць менчукі «пастукваць» на суседзяў?

На працягу тыдня падаткавая прапануе менчукам паведамляць на гарачую лінію пра фізічных асоб, якія займаюцца аказаннем паслуг нелегальна, а, значыць, не сплочваюць падаткі. Раней падаткоўцы ўжо заахвочвалі людзей «здаваць» нелегальных таксістаў, а таксама тых, хто здае без дамовы кватэры і гаражы.

«Слухайце, мы столькі напісалі зваротаў, што глядзіце, там больш за сто крамаў азіятаў, і нам здаецца, што яны працуюць з парушэннямі, але нейкіх высноў і дзеянняў з іх боку мы не ўбачылі. Таму цяжка глядзець на гэтыя рэчы і мы бачым фактычна двайныя стандарты. Таму ў нас вялікія сумневы ў тым, наколькі шчыры падыход гэтага міністэрства», – лічыць старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка

Хоць уваходжанне ў бізнес стала прасцейшым, само вядзенне спраў і нават закрыццё прадпрыемства стварае шмат праблем і пагроз для прадпрымальнікаў. Таму ў людзей і ёсць спакуса працаваць па «шэрых» схемах. У той жа момант, кіраўнік дзяржавы напрыканцы мінулага году запатрабаваў перапрацаваць падатковы кодэкс, аднак не падобна, што адбудзецца нейкая лібералізацыя.

«Патрабаванне адное: скарачэння прыбыткаў бюджэту быць не павінна. Скарачайце кодэкс, як хочаце, але каб быў прырост падаткаў у бюджэт!», – запатрабаваў кіраўнік краіны.

Таксама ў Міністэрстве па падатках і зборах заклікалі паведамляць у падатковую інспекцыю пра людзей, якія «жывуць не сродках». Аднак, пагоня за дробнымі неплацельшчыкамі, паводле экспертаў выглядае камічна на фоне тых буйных ухіленняў, якія знаходзяцца навідавоку.

«Улада кажа народу: «Народ, пакажы, хто жыве не па сродках!» Ну і нашто яны гэта робяць? Яны ж самі сябе падстаўляюць. У народа адразу ж адказ – «ідзіце схадзіце ў Дразды, паглядзіце катэджы». Ці можна пабудаваць катэдж за некалькі мільёнаў даляраў, атрымліваючы заробак нават тысячу даляраў у месяц? Як? Добра, калі вы ўзялі крэдыты ў беларускіх рублях без індэксацыі, дык чаму ім можна, а простым людзям нельга гэта рабіць?» – кажа Анатоль Шумчанка.

Адпаведна, на думку экспертаў, праблема заключаецца не ў самой барацьбе супраць ухілення ад падаткаў, а ў двайных стандартах, якімі карыстаюцца ў дзяржаўным апараце. І гэты падыход робіцца ўсё больш відавочным і раздражняючым для жыхароў краіны.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Simon Potter / Cultura RF / Forum