Падарунак Слоніму на Дзень беларускага пісьменства


Помнік Льву Сапегу ў Слоніме

Сёння, 1-га верасня, у Беларусі адзначаюць Дзень ведаў, таму ў школах адбыліся першыя лінейкі – і Дзень беларускага пісьменства. У Слоніме гэтыя святы сумясцілі: пасля віншавання першакласнікаў зладзілі гістарычную для Гарадзеншчыны ўрачыстую цырымонію.

З танцамі пад сярэднявечную музыку, з тэатралізаваным шэсцем у самым цэнтры Слоніму адкрылі 4-охметровы помнік Льву Сапегу.

Жыхары і госці Слоніму ахвотна дзяліліся радасцю ад падзеі:

«Гэта вялікі канцлер ВКЛ, вельмі важная асоба для Беларусі. А чаму менавіта ў Слоніме – бо ён шмат для гэтага горада зрабіў».

«Леў Сапега тут жыў, заставаўся заўсёду, яго дух тут быў. І дзякуй богу, што паставілі знешнее аблічча».

«І плошчу пажадана назваць таксама імём Ільва Сапегі».

«Праз тыдзень адбудзецца адкрыццё помніка Гедыміну ў Лідзе. У Віцебску знаходзіцца помнік Альгерду. Зараз пачынаецца адраджэнне, і людзі пачынаюць разумець, хто яны насамрэч ёсць».

Матэрыял Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 1 верасня

Гетман Вялікага Княства Літоўскага і вялікі канцлер атрымаў у кіраванне Слонім чатыры стагоддзі таму. Дзякуючы Сапегу Слонім атрымаў самакіраванне – магдэбургскае права.

«Дзякуючы Льву Сапегу, горад мае і свой герб – леў, які трымае ў руцэ трыножак», – нагадвае краязнавец Сяргей Чыгрын.

Сапега быў вельмі прагрэсіўным палітыкам свайго часу ды бараніў незалежнасць і самастойнасць нашых продкаў.

«Ён сам фінансаваў войска, якое абараняла ВКЛ, дзякуючы яму выйшаў статут ВКЛ, ёсць інфармацыя, што статут набіраўся ў Слоніме, а друкаваўся ў Вільні», – распавядае Сяргей Чыгрын.

Вось ён, Статут – звод законаў феадальнага права Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове. У руках у аднаго з аўтараў – Льва Сапегі.

«Гэта чалавек, які ставіў на найвышэйшую планку беларускую мову, нашую культуру і шанаваў яе ад усяго сэрца», – падкрэслівае старшыня Гарадзенскай абласной рады Таварыства беларускай мовы Віктар Парфёненка.

У Дзень беларускага пісьменства родная мова, як аснова самавызначэння і незалежнасці, мае асаблівую вагу. Сёння, аднак, мова Сапегі і Скарыны паступова знікае з беларускіх школаў. Гэтак, у мінулым школьным годзе толькі 9,7 % першакласнікаў навучаліся па-беларуску.

Яраслаў Сцешык belsat.eu