Падай персальнальныя звесткі праваахоўнікам, або ў інтэрнэт не высоўвайся


Вольнасці ў інтэрнэце больш не будзе. Разам з пачаткам дзеяння паправак у Закон аб СМІ 1 снежня фактычна забараняецца ананімнае каментаванне. Цяпер, каб пакінуць паведамленне, карыстальнікі абавязаныя падаць персанальныя звесткі, якія ў выпадку неабходнасці змогуць атрымаць дзяржаўныя сілавыя органы.

Пасля перамогі ў штогадовай бітве за ўраджай распачынаецца бітва за свядомасць. Дзяржаўнае тэлебачанне прапаноўвае рэарганізаваць Міністэрства інфармацыі, а старшыню ведамства, Аляксандра Карлюкевіча, абвесціць, цытата, «міністрам інфармацыйнай бяспекі». У такім ключы чыноўнік і вядоўца абмяркоўвалі новаўвядзенні ў Закон аб СМІ. Але сутнасць гэтай бітвы, вядома, у іншым.

«Гэта адзін з крокаў, накіраваны на ўзмацненне кантролю ў інтэрнэце, над незалежнымі ўладальнікамі інфармацыйных рэсурсаў. І наступствы могуць быць самымі негатыўнымі. Справа ў тым, што людзі і да гэтага новаўвядзення ўсвядомлівалі, што ў інтэрнэце няма поўнай ананімнасці», – кажа Людміла Чэкіна, генеральная дырэктарка «Tut.by.media».

З першага снежня каментатары ў інтэрнэце будуць абавязаныя ўвесці нумар свайго тэлефона, на які прыйдзе адмысловы код. Уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў будуць збіраць асабістыя звесткі карыстальнікаў, а ў выпадку неабходнасці даваць інфармацыю праваахоўнікам. Шараговых інтэрнаўтаў такія новаўвядзенні, мякка кажучы, насцярожваюць.

«Асабістыя звесткі павінны быць канфідэнцыйнымі. Асоба павінна сама вызначаць, ці пакідаць свае дадзеныя, а не чыноўнікі».

«Я лічу, што ананімнасць – гэта кепска. Гэта правакуе людзей на ўсякія кепскія дзеянні. Шмат троляў у інтэрнэце, таму новая ініцыятыва змагла б вырашыць праблему».

«Я не гатова пакідаць свае дадзеныя пад каментарамі ў інтэрнэце, бо лічу гэта немэтазгодным. Акрамя таго, гэта можа пайсці мне не на карысць».

Наўрад ці пойдзе на карысць і ўсяму беларускаму інтэрнэт-сегменту. З іншага боку, узяць пад кантроль віртуальны свет практычна немагчыма.

«Міністэрства інфармацыі, як заўсёды, спазнілася з тэхнічным прагрэсам. Цяпер большасць каментатараў у нас – не на сайце. Самы прырост аўдыторыі – у «Тэлеграме» і «Фэйсбуку». Людзі каментуюць у «Фэйсбуку», – кажа Сяргей Пульша, намеснік рэдактара газеты «Новы час».

Міністр інфармацыі агучыў, што блогеры і сацыяльныя сеткі ўплываюць на грамадскае меркаванне. А значыць, заваёўваюць і фармуюць свядомасць грамадзянаў. Улады ж прызвычаіліся, што гэтую функцыю выконваюць радыё, газеты і тэлебачанне. Якія ў нашай краіне ў пераважнай большасці – залежныя. Некаторыя чыноўнікі хацелі б бачыць такім і беларускі інтэрнэт.

«Канечне, гэта будзе псіхалагічна ўздзейнічаць на каментатараў. Кожная асобы тройчы падумае, ці варта не толькі нешта незаконнае рабіць у інтэрнэце, але ці варта наагул дапускаць нейкую рэзкую крытыку. Гэта паўплывае на свабоду чалавека», – лічыць Людміла Чэкіна, генеральная дырэктарка «Tut.by.media».

На дзяржаўным тэлеканале, дзе транслявалася размова з міністрам, не раз прагучала, што інтэрнэт – пагроза. Галоўным чынам таму, што гэта выклік традыцыйным каштоўнасцям беларусаў. Маўляў, у сеціве пануе вольнасць і беспакаранасць. І, вядома, менавіта ў інтарэсах беларусаў гэта трэба спыніць.

Сяргей Скулавец, belsat.eu