Пад новы дэкрэт дармаедаў трапіць кожная другая сям’я?


Гэтак званыя дармаеды, як ведаем – падатку плаціць ня будуць, ну а тым хто заплаціў – яго нават вернуць. Затое цяпер беспрацоўныя стануць фактычна грамадзянамі другой катэгорыі! Яны будуць цалкам аплачваць бясплатныя, або льготныя дзяржаўныя паслугі. Хто можа стаць беларусам другой катэгорыі і чаму дэкрэт № 1 выглядае нашмат горш свайго папярэдніка?

З самога пачатку мэта дэкрэту – ці то трэцяга, ці то першага, што прыйшоў яму на змену была відавочная – «прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа».

Праўда Канстытуцыя Беларусі чорным па беламу забараняе прымусовую працу і гарантуе толькі права на працу. Тым не менш, пасыл кіраўніка краіны падаваўся даволі празрыстым да ўчорашняга інтэрв’ю міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч.

«Прымушаць нікога ня будзем – гэта перадусім выбар самога чалавека. Зрабіць выбар беларусам дапаможа стымуляцыя рублём», – заявіла міністр.

«Тыя, хто ў працаздольным узроўні і працаздольны і ня хоча працаваць на рынку працы – ня лічыць патрэбным – тады, канешне – поўная кампенсацыя тых паслуг, што кампенсуюцца дзяржавай: гэта і транспарт і адукацыя і ахова здароўя, паслугі ЖКГ – якія гэта будуць паслугі – будзе вызначана да 1-га красавіка», – дадала спадарыня Касцевіч.

Сам дэкрэт на сёння выглядае надзвычай цьмяна

Каго будуць стымуляваць такім чынам? Кожнага беспрацоўнага?

Непразрысты дакумент адкрывае надта шырокія магчымасці да інтэрпрэтацыі – каго цяпер лічыць дармаедам?

«Кожная другая сямʼя можа трапіць цягам бліжэйшых двух год у сувязі з беспрацоўем і агулам дэкрэт разлічаны на тых, хто не працуе. Гэта могуць быць і хатнія гаспадыні, і інваліды, хворыя людзі, тыя ж маладыя адмыслоўцы, што не могуць знайсці працу», – папярэджвае Алег Волчак з «Прававой дапамогі насельніцтву».

Хто будзе трэсці з людзей грошы?

Сачыць за катэгорызацыяй насельніцтва маюць адымысловыя камісіі з мясцовых выканкамаў. Яны змогуць вызначаць – хто з беларусаў годны атрымліваць бясплатныя і льготныя паслугі, а хто – не.

«Яна будзе вырашаць ці наўмысна чалавек не працуе, ці ў яго такія абставіны? Ну і трэба зразумець, што калі ў кагосьці будзе нейкі знаёмы, ці хтосьці штосьці паднясе сябру камісіі, то рашэнне можа быць на ягоную карысць. Так заўсёды бывае, калі няма такога празрыстага вызначэння, а нешта аддадзенае на водкуп нейкім камісіям», – даводзіць эканаміст Леў Марголін.

Чыноўнікі з мясцовых выканкамаў таксама атрымаюць доступ да адмысловай базы ў якой без згоды грамадзянаў будуць збірацца дадзеныя пра эканамічную занятасць – дэкрэт нават не бярэцца тлумачыць, як разумее гэты тэрмін. А камісіі атрымаюць права без рашэння суда высылаць беспрацоўнага ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Але, як кажуць – з вялікай уладай, ідзе і вялікая адказнасць.

Адмыслоўцы ўпэўненыя, што падзел беларусаў на катэгорыі – не столькі прастымулюе працоўную занятасць, колькі нанова распаліць сацыяльныя пратэсты з-за якіх магчыма праз год давядзецца шукаць чарговы нумар для гэтага дэкрэту.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum