Пад Магілёвам руйнуецца ўнікальны касцёл


Па дарозе з Магілёва на Менск у вёсцы Княжыцы выглядае прывід 18 стагоддзя. За сваю гісторыю магутны будынак паспеў пабыць і касцёлам і праваслаўнай царквою.

«Бабуля мая была пявучая ў гэтай царкве. Ну, маці мая брала шлюб, вось фотаздымак нават ёсць, брала шлюб у гэтай царкве. Ну і нас вось усіх хрысцілі ў гэтай царкве», – кажа мясцовая жыхарка Валянціна.

Падчас Другой сусветнай вайны ў царкву трапілі нямецкія снарады і пакінулі першыя расколіны. Сам прыход праіснаваў да 1965 года. Ужо тады дах будынку быў у непрыдатным стане. Адсутнасць кансервацыі і ўздзеянне прыродных зʼяваў зрабілі сваю справу: помнік стаў разбурацца на вачах.

«Ніводнай крымінальнай справы, ніводнага адміністрацыйнага пакарання да вінаватых. Таблічка пра тое, што гэта помнік архітэктуры – гэта гарантыя таго, што беспакарана можна ставіцца да гэтага помніка», – тлумачыць прадстаўнік Таварыства аховы помнікаў Уладзімір Краўчанка.

Сельсавет сваймі сіламі ставіць вакол будынку плот і закалочвае ўваходы, але праблему ў цэлым гэта не вырашае. Старшыня гарадскога аддзялення Таварыства беларускай мовы, экскурсавод Алег Дзьячкоў кажа:

«Яшчэ ў 90 гады гэты будынак стаяў у лясах. Некалькі разоў улада спрабавала яго рэстаўраваць. Потым грамадскія арганізацыі прыязджалі, талаку тут рабілі, хмызняк прыбіралі, смецце. Але ў апошнія гады, наколькі я ведаю, увогуле ніякай увагі мясцовыя ўлады не праяўляюць да гэтага будынку».

Менавіта Алег Дзьячкоў ад імя Таварыства беларускай мовы неаднаразова звяртаў увагу чыноўнікаў на крытычны стан Княжыцкага касцёлу-царквы. Жыхары Княжыцаў у курсе сітуацыі:

«Палічылі, што вельмі дорага, і не сталі. А ў Бракова яны будуюць царкву».

«Нешта прыязджаюць усё, глядзяць, глядзяць яго, абгароджваюць, а толку ніякага няма».

«А тут робяць непаразуменні: адмыўку грошай, выходзіць, так».

Летась Магілёўскі аблвыканкам адказаў, што райвыканкам мае прыцягнуць сродкі на кансервацыю з фонду прэзідэнта. Але далей справа не зрушылася. Ужо сёлета Міністэрства культуры за подпісам першай намесніцы міністра Наталлі Карчэўскай паведаміла:

«Аказаць спрыянне ў выдзяленні з рэспубліканскага бюджэту фінансавання рэстаўрацыйных работаў касцёлу ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёну Магілёўскай вобласці ў цяперашні час не ўяўляецца магчымым».

Каб уратаваць помнік, некаторыя жыхары Княжыцаў гатовыя самі скінуцца рублём. Пра гэта распавядала мясцовая жыхарка Валянціна:

«Усе старыя кажуць, што б ужо пенсіі аддалі, каб нешта зрабілі з гэтай царквой, хаця б помнік, ужо каб не дзейнічала, а хоць бы помнік».

Падобная сітуацыя была з езуіцкім касцёлам у Мсціславе: грошы знайшліся толькі пасля абрушэння сцяны. Пракуратура нават вынесла прадстаўленне старшыні Мсціслаўскага райвыканкаму.

Вольга Васільева, «Белсат»