Як улады вяртаюць радыяцыю на наш стол


Праблемы са шчытападобнай залозай усцяж застаюцца галоўнымі наступствамі аварыі на ЧАЭС для беларусаў.

Група падвышанай генетычнай рызыкі – гэтак пра людзей 30-гадовага ўзросту, найбольш актыўнае насельніцтва краіны, кажа афіцыйная справаздача Дэпартаменту ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы МНС. Гэтым людзям не пашанцавала нарадзіцца ў самыя трагічныя для беларускай экалогіі гады. Праз 31 год колькасць людзей з пухлінай шчытавіднай залозы ў Беларусі расце – цяпер гэта каля 20 тысячаў чалавек. Аварыя, якая адбылася ў мінулым стагоддзі, застаецца з намі і ў гэтым.

Беларусы, якія раслі ў канцы 80-ых і 90-ыя гады, памятаюць, як масава і нават будзённа дзецям ставілі дыягназ «павелічэнне шчытападобнай залозы». Пасля чарнобыльскай аварыі колькасць выпадкаў раку гэтага органу ў дзяцей вырасла ў 33 разы. Надзею Меляшкевіч ад бяды не ўратавала нават перасяленне сям’і з забруджанага раёну ў Менск: рак залозы ў яе выявілі ўжо ў студэнцкія гады.

«У 19 гадоў мне зрабілі аперацыю, ну і зараз я жыву на таблетках. І пасля аперацыі я прайшла яшчэ два апраменьванні, дзве працэдуры радыеёду», – распавядае Надзея Меляшкевіч, якая пацярпела ад аварыі на ЧАЭС.

Паводле звестак ААН, на ранейшых этапах пад уздзеянне радыеактыўнага ёду трапіла амаль усё насельніцтва нашай краіны.

«Той удар, які атрымалі гэтыя людзі, тыя дзеці ў той час, канешне можа сказацца на працягу ўсяго наступнага жыцця, – кажа неўролаг . Васіль Аўраменка. – Анкалагічнае захворванне шчытападобнай залозы – гэта самае галоўнае, на што Чарнобыль паўздзейнічаў. У любым узросце гэта можа быць».

І рэха трагедыі беларусы, асабліва на ўсходзе краіны, чуюць ледзь не ў кожнай сям’і.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, пад адмысловым медычным наглядам у звязку з трагедыяй па ўсёй краіне перабываюць паўтара мільёна чалавек. У выніку экалагічнай катастрофы, апроч анкалогіі, павялічылася колькасць захворванняў кровазвароту, сістэмы стрававання і зроку.

Аднак улады спрабуюць адсунуць праблему Чарнобылю ў мінулае. Паслядоўна скарачаюцца тэрыторыі, афіцыйна прызнаныя забруджанымі, і раптоўна тысячы людзей на паперы аказваюцца нібыта на тэрыторыях чыстых, губляюць ільготы. Не выключана, што засваеннем і вяртаннем ва ўжытак забруджаных земляў улады вяртаюць радыяцыю на наш стол. У выніку на змену фонаваму апраменьванню прыходзіць пагроза апраменьвання ўнутранага – праз харчы.

Таццяна Рэут