Пабудаваць! Лукашэнку дастаў мост Жыткавічы – Тураў


Пра новую пераправу жыхароў бліжэйшых раёнаў апавясцілі праз радыё і СМС-паведамленні. Цяпер яна ў раёне вёскі Боркі. Таўшчыня лёду там дазволіла ледаколу прарубіць майну, па якой пусцілі катар.

«Цяпер месца пераправы 2 кіламетры вышэй па цячэнні ракі Прыпяць ад мосту, з боку Жыткавічаў – праз Боркі, з боку Турава – праз Чэрнічы, вёска Крэмная», – паведамілі ў Жыткавіцкім райвыканкаме.

Аднак яшчэ ўчора людзі былі гатовыя пайсці на адчайныя крокі, каб трапіць на другі бераг. «Не ведаем, што рабіць. Паплывем, распранемся і паплывем!», – каментавалі сітуацыю мінакі.

Некаторыя смельчакі наважыліся на «штурм» аварыйнага мосту з расколінай

Нарэшце на сітуацыю адрэагаваў і кіраўнік краіны.

«Жыткавічы-Тураў – мост. На жаль, што было пабудавана ў савецкія часы, гэтыя масты маюць праблему, дрэнна, што нечакана гэта адбылося. За гэты год мост мусіць быць пабудаваны там», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Дзясяткі жыткаўчанаў цягам амаль тыдня не маглі трапіць на працу ў Тураў. Заледзянелая рака пакінула людзей у закладніках.

Калі напачатку снежня на рацэ збудавалі пантонную пераправу, то праз паводку яе затапіла. Тых, хто апынуўся пасярэдзіне пераправы, перавозілі ў каўшы экскаватара. Таму шмат хто, як спадар Генадзь, які возіць у горад малако, прыехаў да месца былой пераправы ў чаканні паспяховай працы ледаколу.

У выпадку новай паводкі і маразоў адзіны магчымы варыянт трапіць у Тураў пакуль застанецца толькі ў аб’езд праз Мазыр. Аднак ён дасяжны далёка не кожнаму. Шлях у адзін бок займае каля 300 кіламетраў, а гэта прыблізна 7 гадзінаў у дарозе.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum