Пабітыя тэмпературныя рэкорды па ўсёй Беларусі за ўсю гісторыю метэаназіранняў


Восень сёлета анамальна цёплая. Паводле сіноптыкаў, учора былі пабітыя тэмпературныя рэкорды па ўсёй Беларусі за ўсю гісторыю метэаназіранняў! Гэтак, на Брагіншчыне слупкі тэрмометраў падняліся вышэй за 23 градусы. Беларусы ад такога надвор’я проста ў захапленні!

«Ну, вядома, добра. Хай бы так заўжды было. Я люблю сонца, добрае надворʼе. Ды і ўсім людзям гэта падабаецца, прыемна».

«Я вось працую ў ЖКГ, робім працы, якія робяцца на дварэ. Проста цудоўна – паспяваем вельмі шмат».

«Прыемна па лесе пахадзіць, грыбы пазбіраць, прыўкрасна! Жыццё прыўкраснае і надворʼе!» – кажуць жыхары Менску.

Праз цёплае надворʼе ад нас пакуль не адляцелі ў вырай усе птушкі, якія меліся: напрыклад, салаўіны цвыркун і пячураўка-ценькаўка. Аднак агулам хвалявацца не варта, бо жывёліны, як і людзі, да любых пераменаў надворʼя прызвычайваюцца, а таму ў большасці пераносяць іх нармальна. Некаторыя ж пакуль адчуваюць сябе проста выдатна. Дзяніс Кіцель, «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

«Яшчэ сёлета знайшлі новыя месцы, дзе жывуць суслікі. Была такая сенсацыйная знаходка. А суслік – гэта такая жывёліна, якая звычайна ўжо спіць у гэты час. І 20 кастрычніка яшчэ назіралі жывёлінаў, якія бегалі, елі траву. Трава не пажоўкла, надворʼе цёплае, яны яшчэ не ляглі ў спячку».

Не магу прыгадаць, калі яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка можна было абсалютна камфортна хадзіць у шортах і футболцы! Глядзіш навокал – лічы, лета: людзі гуляюць з дзецьмі, займаюцца спортам, а некаторыя нашыя суайчыннікі ўчора загаралі ды купаліся!

«На прыроду ездзілі ў выходныя да сяброўкі на лецішча. Рабілі шашлыкі, хадзілі ў лес. Адпачывалі».

«Лецішча далёка, таму ў парках гуляем з дзецьмі».

«Закрыццё сезону лецішчаў адбылося, проста атрымліваем асалоду ад прыроды, шашлыкі, камунікацыя з сябрамі», – дзеляцца жыхары Менску.

Праўда, на прыродзе трэба быць асцярожнымі, бо актывізуюцца не толькі жывёліны, на якіх мы любім глядзець ды фатаграфаваць для сацыяльных сетак. Дзяніс Кіцель, «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

«Надвор’е вельмі цёплае, і ўсе гэтыя жывёліны, якім трэба сонца, каб сагрэцца, вядома, будуць больш актыўныя. І, можа, гэта больш небяспечна нават не для чалавека, а для хатніх жывёлінаў, якіх выгульваюць па траве ў парках. Бо гэтыя жывёліны прынясуць кляшчоў дадому. А ўдома яны ўжо могуць перапаўзці на дзяцей або дарослых».

Аднак такая цеплыня – фінальны акорд сёлетняга бабінага лета. На пачатку наступнага тыдня сіноптыкі прагназуюць замаразкі – уначы да мінус двух. Адмыслоўцы не лічаць такія перапады тэмпературы катастрофаю, хоць гэта і не надта звычайная справа для Беларусі. Бо мінусавую тэмпературу гэтай восенню мы ўжо бачылі. Так што спяшайцеся атрымаць асалоду ад падарунку прыроды, бо зіма, як той казаў, блізка.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu