Па ўсёй Расеі прайшлі пратэсты супраць пенсійнай рэформы


Мясцовыя ўлады дазволілі акцыі, зарганізаваныя Камуністычнаю партыяй.

Партыя Зюганава хоча дамагчыся правядзення рэферэндуму па пытанні правядзення рэформы. Сёння іх падтрымалі тысячы людзей па ўсёй краіне.

«Самая годная старасць пенсіянера – гэта ўнукі і заслужаны адпачынак. А цяпер атрымоўваецца ў нас так, што фактычна вымушаюць працаваць пенсіянераў. Вы добра ведаеце, што ў нас цяпер у краіне такая сітуацыя, што няма магчымасці працаваць моладзі – няма працы, я не ведаю, куды могуць пайсці пенсіянеры», – кажа сябра КПРФ Канстанцін Апарын, які ўдзельнічае ў пратэсце.

Шэсце і мітынг у Маскве па розных падліках сабраў ад шасці да дзевяці тысячаў удзельнікаў. Галоўныя лозунгі камуністаў – «Ганьба «Единой России» і рэформе Мядзведзева». Адзінкавыя пратэстоўцы ўсё ж наважваюцца крытыкаваць беспасярэдне Пуціна.

«Гэта казкі пра тое, што там хтосьці сплочвае сучаснаму пакаленню. З майго пункту гледзішча, я ўсё жыццё выплачваю грошы ў пенсійны фонд, а пасля не атрымліваю нічога. Вось змест гэтай рэформы. Мяне абакралі. Я супраць», – кажа пратэстовец Павел Тарасаў.

Больш за тысячу чалавек прыйшлі на мітынг у Санкт-Пецярбурзе.

«Можна рабіць больш жорсткаю пенсійную рэформу, але, каб усе праз яе пакутавалі – і алігархі, і чыноўнікі. Ну што гэта такое: адныя атрымліваюць пяць мільёнаў за дзень заробак, а іншыя – восем тысячаў за месяц», – кажа ўдзельнік мітынгу Юрый Нікалаеў.

У Екацярынбурзе прыблізна паўтары тысячы чалавек зладзілі акцыю «Ганебны полк», паводле аналогіі з «Бессмяротным полкам», прымеркаваным да Дня Перамогі: яны прайшліся з партрэтамі дэпутатаў Дзяржаўнай думы фракцыі «Единая Россия», што галасавалі за рэформу. Аднак зладзіць марш мясцовыя ўлады не дазволілі. Таму партрэты пахавалі на «сметніку гісторыі».

«Чалавек абірае сам варыянт: ёсць моц працаваць на карысць Расеі – значыць, калі ласка, ён працуе, ён яшчэ апрацоўвае іншых пенсіянераў, і плюс сабе зарабляе добрую пенсію, але гэта мусіць быць дабравольна», – сцвярджае пратэстовец Аляксандр Лазараў.

Па звестках «Левада-Цэнтру», супраць пенсійнай рэформы выступаюць 89 % расейцаў. Гэтак, паводле законапраекту, прынятаму Дзярждумай у першым чытанні, пенсійны ўзрост меліся паступова павысіць з 55 да 63 гадоў для жанчын і з 60 да 65 гадоў для мужчынаў. У мінулую сераду Уладзімір Пуцін выступіў з прапановаю змякчыць рэформу, а ў тым ліку знізіць пенсійны ўзрост для жанчын да 60 гадоў. Аднак ініцыятыва на пратэставыя настроі не паўплывала.

Пратэст супраць пенсійнай рэформы меўся правесці і апазіцыянер Аляксей Навальны. Абраная ім дата – 9 верасня – прымеркаваная да адзінага дня галасавання. Аднак напачатку тыдня Навальнага арыштавалі на 30 содняў за арганізацыю студзеньскай акцыі на падтрыманне «Забастоўкі выбарнікаў» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Тым не менш апазіцыйны лідар заклікаў сваіх прыхільнікаў падтрымаць пратэст.

Юлія Лабанава; фота – Сяргей Карпухін / Reuters / Forum