Па «палітычных» у СІЗА грукаюцца сем’і


Рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыяў не застрашваюць, а мабілізуюць! Сем’і зняволеных пішуць скаргі, размаўляюць з журналістамі ды… пікетуюць ізалятары, патрабуючы вызвалення асобаў, якім за кратамі не месца. Родныя палітвязня Змітра Фурманава пачалі галадоўку каля СІЗА № 1 у Менску, а напярэдадні па арыштаванага Аляксандра Куўшынава на Акрэсціна прыходзілі чацвёра ягоных дзяцей.

«Тата! Тата!» – гуртам крычаць дзеткі пад дзвярыма ізалятару. Аляксандр Куўшынаў – бацька ў шматдзетнай сямʼі і раварыст, які 15 ліпеня вёз у ЦВК скаргу на нерэгістрацыю вылучэнца Бабарыкі. Неўзабаве ў сеціве маці ўбачыла здымкі, як сына з роварам пакуюць у аўтазак.

«Я сказала, што канешне гэта непрыемны момант, але шоку не было, бо я была перакананая, што Сашу – бацьку чацвярых дзяцей, адпусцяць. А ўжо калі яму далі 10 содняў – гэта быў шок», – кажа Таццяна Куўшынава, маці Аляксандра.

Содні далі і другому сыну – Віктару. Пад час адбывання браты заўважылі – дзе сядзіць прынамсі адзін палітычны, умовы ўтрымання пагаршаюць, каб сутыкнуць з іншымі вязнямі.

Безвынікова – кажа Аляксандр, які ўвечары выйшаў у ІЧУ на Акрэсціна.

«Яны разумелі што гэта вінаватая адміністрацыя, таму калацілі, званілі і казалі »перакіньце мяне ў іншую хату«, але не было такога, каб з намі нешта дрэннае адбывалася», – кажа Аляксандр Куўшынаў, былы вязень.

Шмат асобаў, арыштаваных пад час сёлетняй кампаніі, прайшлі праз катаванні: абмежаванні ў пітной вадзе, магчымасці памыцца і выспацца, выцягванне мяккай падсцілкі з матрацаў…

«Астатнія ўсе спалі на матрацах і ім выдавалі бялізну. Толькі нам не выдавалі. Я тут знаходзіўся абсалютна незаконна. Бо мне нават не выдалі копію пастановы з рашэннем суда», – кажа Аляксандр Мядзведзеў, былы вязень.

Нязгодная з такім раскладам, сямʼя палітвязня Змітра Фурманава прыехала з Горадні і распачала галадоўку пад сценамі СІЗА № 1 у Менску.

Вольга Фурманава, маці палітвязня:

«Мы прыязджалі сюды штотыдзень на працягу цэлых 2 месяцаў. Цяпер вырашыліся на такую крайнюю захаду. Бо няма больш сілаў чакаць. Яго »узялі« проста са стулам. Ён сядзеў на стуле і збіраў подпісы».

26-га траўня маладзёна схапілі, запіхнулі ў бус, збілі (што давялося зашываць вуха) і пакінулі ў ізалятары. Абвінавачанне шматкроць перакваліфікоўвалі. Пра намер галадаць кабеты паведамілі ў ва ўсе датычныя дзяржворганы.

Вольга Каракіна, сяброўка палітвязня:

«Сядзіць Зміцер тут, наўпрост за сцяною. Будзем сядзець і галадаць тут. У нас бестэрміновая галадоўка. Не сухая – ваду будзем піць. На ноч мы ўзялі цёплыя рэчы.

Грамадскія актывісты будуць падтрымліваць пікетоўніц на Валадарскага. Прыклад салідарнасці паказвае таксама мянчук Руслан, якога затрымлівалі 14 ліпеня на двое содняў.

Руслан, былы вязень:

«Я не ведаю канкрэтнай даты выхаду гэтых людзей, калі іх вызваляць. Але пасля працы, калі мне дазваляе час, я прыходжу сюды, каб кагосьці сустрэць».

Гэтак і камера «Белсату» намагаецца наведваць суды, і сустракаць пасля адбывання прысудаў прынамсі частку асобаў, якія трапілі за краты праз мірнае жаданне пераменаў.

Толькі ад 14-га да 20-га ліпеня праваабаронцы налічылі 1140 выпадкаў адвольных затрыманняў, хоць за кратамі аказаліся не ўсе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»