Па Менску прайшоў Горды жаночы марш


Сёння субота – а значыць дзень жаночых пратэстаў. Па праспекце Незалежнасці ў Менску прайшлася калона з плакатамі, сцягамі і бела-чырвонымі парасонамі. Удзел у акцыі ўзялі некалькі сотняў чалавек. Падрабязнасці – ў Анастасіі Русецкай.

«Горды жаночы марш прафесіяў». Пад такою назвай напярэдадні Народнага ўльтыматуму адбылася суботняя акцыя жанчын у сталіцы.

Некалькі соцень удзельніц традыцыйна з кветкамі, бела-чырвонымі парасонамі, а цяпер і сухім лісцем у руках рушылі ад вуліцы Першамайскай у кірунку плошчы Перамогі.

«Я працую настаўнікам. І калі не падабаецца тое, што я кажу, нам кажуць, – калі ласка, вас ніхто тут не трымае, пішыце заяву на звальненне і да пабачэння. Ніхто нікога не цэніць. А я хачу, каб у нашай новай Беларусі цанілі кожнага чалавека».

«Я юрыст. І прыйшла таму, што прававое беззаконне, якое адбываецца, – гэта прорва, гэта тупік. Трэба змагацца і трэба перамагаць, бо з кожным днём краіна коціцца невядома куды. Грамадствам немагчыма кіраваць дубінкамі».

«Я спявачка і я хачу, каб мой голас гучаў для вольнай Беларусі, для вольных беларусаў. І так сімвалічна, што ўсе нашыя галасы былі скрадзеныя, і хочацца, каб кожны наш голас займеў моц і мы нарэшце сталі вольнымі», – кажуць удзельніцы Жаночага маршу прафесіяў.

Па праспекце Незалежнасці калона дайшла да Акадэміі навук, адкуль зноў вярнулася на плошчу Якуба Коласа. У адрас дзяржаўных журналістаў, якія здымалі акцыю, людзі выгуквалі «Ганьба БТ». А на падтрыманне абвешчанага страйку скандавалі «Забастоўка».

Мы спыталі ўдзельніц маршу, ці далучацца яны да агульнанацыянальнага страйку.«Я настаўнік. Я буду дзяжурыць на калідоры ў адпаведнай вопратцы. Каб усе бачылі».

«Я працую ў прыватным, калі б гэта была дзяржаўная, то канешне. Але я ведаю, што мяне чакаюць. І гэта будзе залежаць ад таго, якой пазіцыі будуць прытрымлівацца бацькі тых вучняў, якіх я вучу».

«Я фрылансер. Мне гэта лёгка зрабіць. Я скончыла ўсе свае замовы і не брала новых на найбліжэйшыя два тыдні. У мяне будзе нібы адпачынак. Гэта ўрок краіне. Яны не атрымаюць маіх падаткаў, гэта, магчыма, як слану драбінка, але калі нас такіх будзе шмат, гэта істотна», – гавораць удзельніцы Жаночага маршу прафесіяў.

Затрыманняў падчас акцыі не было, хаця бусікі з сілавікамі ездзілі за калонай. А вось да пачатку маршу непадалёк ад месца збору – на скрыжаванні Бранявога завулка і вуліцы Бядулі – затрымалі дзвюх жанчын, якія ішлі пад бела-чырвонымі парасонамі.Затрымлівалі і пасля маршу. Паводле праваабаронцаў, у спісе затрыманых – мінімум дзесяць асобаў.

Жаночы марш адбыўся сёння і ў Горадні. Некалькі дзясяткаў жанчын пад парасонамі гулялі па цэнтры гораду. Затрыманняў не было.

Анастасія Русецкая, «Белсат»