«Ой, зламалася». Менск рыхтуе блакаду транзіту нафты


Урад Беларусі рыхтуе праект пастановы, якая прыпыніць транзіт расейскай нафты ў Еўропу праз нашую тэрыторыю. Пра гэта напярэдадні ўвечары паведаміў партал «Tut.by» са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. «Белсат» знайшоў пацверджанне магчымасці блакады ў экспертных колах. Чым жа можа ціснуць афіцыйны Менск у нафтавых перамовах з Масквой?

У Новы 2020 год – з новай нафтавай вайной гібрыдных саюзнікаў. 1 студзеня расейскія кампаніі спынілі пастаўкі нафты ў Беларусь, бо не вызначаны кошт. Афіцыйны Менск падрыхтаваў адказ – спыніць транзіт праз трубаправод «Дружба«. Інфармацыя пра гэта ёсць пакуль што ў выглядзе выцечкі ў медыі і ў ранейшых заявах Аляксандра Лукашэнкі, звязаных з інтэграцыйнымі перамовамі.

«Чаму мы дагэтуль з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся па нафце? Бо Расея хоча, каб мы купілі ў яе нафту па коштах вышэй сусветных. Дзе такое бачылі? Таму я і адмовіўся ад такой нафты і наўпрост заявіў: не будзе паставак па сусветным кошце з Расеі, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. І знайшлі», – заявіў Лукашэнка ў чацвер падчас уручэння прэміяў «За духоўнае адраджэнне».

Ёсць чаго шукаць: «Беларусьнафта» прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў і айчыннай нафты за мяжу, каб сабе хапіла. Але ў спрэчцы з Масквой да поўнай блакады транзіту расейскай сыравіны наўрад ці дойдзе, бо гэта не эфектыўна, мяркуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч:

«У Расеі ёсць абходныя шляхі. І гэта будзе істотны крок, які пагоршыць стасункі з Расеяй, але і з Еўразвязам, бо пакажа ненадзейнасць Беларусі як транзіцёра. Але магчыма ўвядзенне новых пабораў за транзіт нафты».

Якраз учора ўказам Лукашэнкі Беларусь увяла экалагічны падатак на транзіт нафты – на выпадак аварыяў. Стаўка падатку на прыбытак транзітных кампаніяў – 50%. Але гэта не ўсё.

«Нафтаправод – гэта не адна труба, а некалькі трубаў, і Беларусь можа прыпыніць транзіт па адной з іх», – нагадвае палітолаг Вольга Харламава.

Якраз перад каталіцкім Раством Лукашэнка ў інтэрв’ю для аднаго расейскага СМІ патлумачыў, што можа павярнуць назад плыні ў некалькіх галінах трубаправоду, каб нафта – за рынкавыя кошты – ішла з Латвіі ды Украіны на Наваполацкі і Мазырскі НПЗ.

«Сапраўды, з Вентспілса ў Беларусь у Наваполацк вядзе трубаправод, які цяпер не працуе, бо расейцы туды нафту не экспартуюць, ён закансерваваны. Яго можна запусціць, але гэта доўгі працэс, плюс ёсць вялікі стартавы кошт для ягонага запуску», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Гэта грунтоўная інвестыцыя ў энергетычную незалежнасць Беларусі – на доўгія гады. А пакуль, каб гандлявацца з Расеяй, танней вазіць нафту чыгункай з балтыйскіх партоў ці трубаправоду Адэса–Броды. І ёсць яшчэ адзін спосаб націснуць на Расею ў перамовах, затрымаўшы экспарт у Еўразвяз нават на паўгода, кажа Вольга Харламава:

«РФ не кампенсавала тыя страты, якія Беларусь панесла больш за год таму ад перапампавання бруднай нафты. Таму нашыя могуць сказаць: ой, зламалася! З кім не бывае. Форс-мажор».

А пакуль улада-манапаліст шукае формулу нафтавай незалежнасці ад расейскай манаполіі, «Белнафтахім» чарговы раз падымае кошты для насельніцтва. Заўтра бензін і дызельнае паліва даражэюць на 1 капейку.

Яраслаў Сцешык/«Белсат», фота анонсу – Peter Andrews / Reuters / Forum