«О, гэтыя фары!» Як тэлевядоўца Top Gear нахвальваў «Geely»


У сталіцы Польшчы прайшла найбуйнейшая ва Усходняй Еўропе аўтавыстава Warsaw Motor Show, на якую з Вялікай Брытаніі завітаў і вядоўца папулярнага аўташоў Top Gear Рычард Гэманд (Richard Hammond). Журналіст «Белсату» Ігар Кулей пацікавіўся ў тэлезоркі, што ён думае пра народныя беларускія аўтамабілі «Саманд» і «Джылі».

– Ігар Кулей: Мы невялікая краіна, усяго 10 мільёнаў насельніцтва, але ў нас была вялікая мара: рабіць свае легкавыя аўтамабілі. І 9 гадоў таму беларусы ўпершыню паспрабавалі. Давайце згуляем у такую гульню. Я буду вам паказваць здымкі гэтых аўтамабіляў, а вы будзеце мне казаць, што думаеце пра іх?

– Рычард Гэманд: Згода.

– Першая нашая спроба вось. Як вам?

– Хмммм… Гэта нешта паміж «Фольксвагенам» і «Опэлем».

SAMAND LX. Тут Рычарду Гэманду больш спадабаліся нацыянальныя строі жанчын

– Ну не зусім.

– О мне падабаюцца гэтыя нацыянальныя строі.

– Так, беларускія.

– Вы так не адзеты.

– Не сёння.

– Ну так, яны ж жаночыя.

Гэманд кажа, што машына выглядае салідна

– Вось тая ж машына, толькі іншы здымак. Гэтыя машыны выпускалі 10 гадоў таму. Ці нармальна выглядае для 2010 года?

– Ну, яна не сучасная-прысучасная, але выглядае на трывалую і салідную. Гэта ж добра?

– А вось выгляд знутры.

– Оооооо, асалода, тут ёсць усё. А гэтае дрэва якраз на сваіх месцах!

«А гэтае дрэва якраз на сваіх месцах!»

– А гэта тая ж машына пасля рэстайлінгу, яе крыху палепшылі звонку.

– О, гэтыя фары, іх форма, сапраўды шмат папрацавалі!

SAMAND пасля рэстайлінгу

– А цяпер у Беларусі робім нешта вось такое.

– О, вы прыдумалі паркетнікі, ніхто ў свеце не здагадваецца, што яны вашыя.

GEELY ATLAS

– Ну не зусім нашыя, яны кітайскія, а ў нас ёсць завод, які іх выпускае. Вам падабаецца?

– Так, гэта паркетнік, цікавая форма выгіну задніх ліхтароў.

Гэманду спадабалася форма выгіну задніх ліхтароў

– Ці не нагадвае вам крыху «Лэнд Роўвэр»?

– Неее, вось гэтая лінія мусіць ісці ўверх, а тут зусім па-іншаму.

RANGE ROVER EVOQUE. «Лэнд Роўвэр»? Неее, не падобна

– Але ці вам падабаецца выгляд?

– Я ўпэўнены, што ездзіць ён вельмі добра…

Ігар Кулей belsat.eu