«Нюрнберг-2 не адбыўся, таму новыя пакаленни не ведаюць, што была ноч з 29 на 30 кастрычніка»


Курапаты. Лес пад Менскам. Сёння сюды прыйшлі неабыякавыя беларусы, каб ушанаваць ахвяраў той трагічнай ночы, якая забрала з нашай зямлі найлепшых. Асэнсаваць жа маштабы страты ўсёй беларускае нацыі дагэтуль складана.

Удзельнікі акцыі памяці кажуць:

«Нас у 1937 годзе хацелі пазбавіць твару як нацыю, і таму я лічу, што мы абавязкова павінны памятаць пра гэту дату і кожны год прыходзіць у гэтае жалобнае месца».

«Тут пахаваны дзед мой, сам я са Слуцка. Таму не прапускаю ніколі Курапаты, заўжды прыходжу сюды».

Тае чорнае ночы з 29-га на 30-га кастрычніка ў сутарэннях менскае турмы НКВД расстралялі 132 асобы – пераважна прадстаўнікоў беларускай эліты.

«Гэта была не першая і не апошняя ноч. Першая расстрэльная ноч для пісьменніцкай арганізацыі гэта быў 32-гі год, 33-ці, быў 36-ты. Пік – ноч з 29 на 30-ага», – распавядае гісторык Ігар Кузняцоў.

Сярод ахвяраў той ночы, між іншымі, – Міхась Зарэцкі – аўтар першага беларускага раману. Следчыя НКВД самі чыталі творы пісьменніка, пры гэтым катавалі аўтара, прыводзячы на допыты ягоных дзяцей і жонку. Тодар Кляшторны, якога называлі беларускім Ясеніным. Ягонай паэзіяй захаплялася моладзь, а ягоным беларускім перакладам «Удалых прыгодаў ваякі Швэйка» зачытвалася ўся БССР. Юлій Таўбін, габрэй паводле паходжання, таленавіты паэт, аўтар беларускамоўных перакладаў твораў Гайнэ і Гётэ.

Іхных імёнаў дагэтуль не ўшанавалі ў тапаніміцы сталіцы, затое не бракуе ў Менску месца для камуністычных катаў, забойцаў і звычайных садыстаў.

«Нюрнберг-2 не адбыўся, і таму для новых пакаленняў, яны нават не ведаюць, што была ноч з 29 на 30, што больш за палову пісьменнікаў было знішчана фізічна ў той перыяд. Таму, толькі памяць можа спрыяць таму, што мы зробім адпаведныя высновы», – кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

Цяпер ушаноўваннем памяці займаецца грамадскасць. Розныя арганізацыі ды проста неабыякавыя грамадзяне прыходзяць у такія дні ў Курапаты, якія беларусы лічаць Народным мемарыялам, запальваюць знічы, чытаюць малітвы ля Крыжа пакуты.

«Мы памятаем, што мы ніколі не забудзем, мы будзем дамагацца вяртання памяці, вяртання праўды, мы будзем дамагацца таго, каб былі адкрыты архівы», – кажа прадстаўніца ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька.

Апроч Курапатаў, у Менску ёсць і іншыя месцы масавых расстрэлаў. Іх не менш за дванаццаць. Гэта і Кальварыя, гэта і парк Чалюскінцаў. Па гэтых балючых кропках сталіцы сёння зладзілі Марафон памяці, дзе таксама пабывалі людзі, неабыякавыя да гісторыі свае краіны, і сваіх блізкіх.

Памяць ахвяраў сталінскіх катаў ушаноўвалі сёння ва ўсёй Беларусі. Між іншага, вечар памяці адбыўся ў Гомлі.

«Былі расстраляныя многія гомельскія святары, многія гараджане, нашыя суайчыннікі. І таму гэты дзень памяці збірае многія імёны», – распавядае сябра камісіі пры Свята-Мікольскім манастыры Андрэй Скідан.

Працяг ушанавання расстраляных будзе ў Курапатах а 23-й гадзіне. Падчас начной акцыі будуць чытаць вершы рэпрэсаваных паэтаў. Чакаецца ўдзел актывістаў, палітыкаў, гісторыкаў, паэтаў і музыкаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»