Няўдзел у суботніку каштуе адзін дзённы заробак


Пандэмія каронавірусу – не перашкода суботніку.

Аляксандр Лукашэнка традыцыйна ўзяў удзел у штогадовым суботніку, саджаючы дрэвы на адлегласці ад іншых працаўнікоў.

Аляксандр Лукашэнка падчас суботніку саджаў дрэвы на Гомельшчыне. 25 красавіка 2020 года. Фота – president.gov.by

Пасля суботніку выступаючы перад журналістамі кіраўнік краіны выказаўся за прыняцце новай Канстытуцыі ды патлумачыў, чаму пасланне дэпутатам адклаў і хоча сумясціць яго ў год выбараў з прэзідэнцкаю праграмаю:

«Пасланне – гэта цяперашні год і «штрыхі» на будучыню. А калі мы сумесцім, то мы зможам зазірнуць «за гарызонт», на ўсю пяцігодку працы прэзідэнта».

У Менску ў дзень суботніку працаўнікоў на вуліцах было няшмат. Прахадныя прамысловых прадпрыемстваў, навучальных і іншых устаноў у бальшыні выглядалі пустымі. Аднак некаторыя арганізацыі выйшлі на суботнік у поўным складзе. Перадусім – гэта працаўнікі камунальных службаў.

«Наводзім парадак, збіраем смецце – суботнік жа як ніяк. Трэба папрацаваць на дабрабыт Рэспублікі Беларусь».

«У нас ёсць антысептык – рукі мыем. Масак не давалі».

«Суботнік? З аднаго боку і трэба: не такая мы багатая краіна. Вось я прайшоў па лесе, прыбраў – не трэба былі б суботнікі, каб людзі не смецілі. Людзі знішчаюць прыроду, а мы аднаўляем».

Паводле ўладаў, суботнік – справа добраахвотная. Але работнікі дзяржаўных арганізацыяў свой няўдзел мусілі скампенсаваць, пералічыўшы дзённы заробак. Прыватныя арганізацыі кампанію праігнаравалі.

«Заганяюць людзей на суботнікі падчас каронавіруса, гэта бессэнсоўна. Падчас каронавіруса так рабіць нельга – пандэмія будзе толькі ўзрастаць. А мы вымушаныя працаваць, бо трэба неяк сябе карміць», – кажа прадпрымальнік Юры Дзедзюль.

Ці варта цяпер праводзіць суботнік? Цікавімся ў мінакоў на вуліцах Менску.

«Я думаю, што не варта ў звязку з цяжкой эпідэміялагічнай абстаноўкай. Не, не варта, не буду ўдзельнічаць».

«Канечне, парадак на нашых вуліцах павінны быць. І я заўсёды лічыла, што адна субота на год – можа быць. Але ў гэтай сітуацыі, я лічу, можна было адкласці, перанесці да часу больш прыдатнага ў нашай краіне».

«Не. Я не пайду – маё здароўе і здароўе маёй сям’і мне даражэйшае. Усё ж трэба адрозніваць моманты, калі штосьці ёсць важным для цябе і тваёй сям’і, а што важна для грамадства і ўладаў».

Напярэдадні Міжнародная арганізацыя працы заклікала ўлады Беларусі адмовіцца ад суботніку, які расцэньвае як прымусовую працу, а падчас пандэміі – яшчэ і небяспечную. Такой жа думкі трымаюцца і незалежныя прафсаюзы.

«Улада не мела ніякага грунту агульначалавечага і ніякага іншага. Ніякімі абставінамі правядзенне суботніку падчас каронавіруса не прадыктавана. Прадыктавана толькі адным: жаданнем цынічна залезці ў кішэні працоўных грамадзянаў. І гэта ў той час, калі бальшыня ўрадаў краін дапамагае сваім працоўным – ведаем, у якім цяжкім становішчы людзі знаходзяцца. А гэтыя па-бандыцку лезуць у кішэні», – кажа лідар Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Сродкі ад суботніку ня будуць накіраваныя на падтрыманне медычных установаў. Як паведамлялася раней, большая іх частка пойдзе на рэканструкцыю аб’ектаў часу Другой сусветнай.

Галіна Абакунчык, «Белсат»