Аб'ектыў 28.11.2016 Няспынныя скандалы з інспектарамі ДАІ. Гэтым разам – забойства


Яна была клапатліваю мамаю 16-гадовай дачкі і 6-гадовага сына. Даглядала сталых людзей ды інвалідаў, бо працавала сацыяльнаю работніцаю. Ніколі ні з кім не канфліктавала. Гэтак 36-гадовую Вольгу Стралкоўскую апісваюць ейныя знаёмыя. Што праўда, ужо ў мінулым часе.

26-га лістапада каля 21-й гадзіны выканальнік абавязкаў начальніка Баранавіцкага ДАІ Андрэй Ваўкавыцкі, рухаючыся на ўласным аўта недалёка ад вёскі Дарава, што ў Ляхавіцкам раёне, насмерць збіў жанчыну.

ЖЫХАРКА МЕНСКУ:

«Пасады пазаймалі, і думаюць, што ім усё можна. Нельга так. Варта ўлічваць жа, што таксама звычайныя людзі. Калі ў яго званне і пасада ды ад пакарання варта вызваліць ці што?».

Літаральна за хвіліны да трагедыі ДАІ спыніла для правярання дакументаў аўта, дзе Вольга была пасажыркаю. Тая выйшла з транспарту і скіравалася да экіпажу даішнікаў, каб удакладніць прычыны спынення. У гэты момант і адбылася трагедыя.

ЮЛІЯ ГАНЧАРОВА, СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ БЕЛАРУСІ:

«Праведзены агляд месца здарэння, да матэрыялаў справы далучаныя рэчавыя доказы, праведзеныя следчыя эксперыменты, прызначаныя аўтатэхнічная, судова-медычная і медычна-крыміналістычная экспертызы. Паводле вынікаў агляду падазраванага, ён быў пʼяны».

І не проста пʼяны, а ажно з трыма праміле алкаголю ў крыві.

Былому следчаму пракуратуры, а цяперашняму праваабаронцу Алегу Волчаку цяжка прыгадаць з часу службы злачынцаў з такою дозаю алкаголю, пагатоў людзей у пагонах.

«Калі ўжо выканаўца абавязкаў начальніка ДАІ садзіцца за стырно з трыма праміле, гэта прабачце чалавек альбо дурань поўны, ну… альбо алкаголік».

Але не толькі алкаголь – прычына бязмежжа міліцыянтаў. За апошнія месяцы яны шматразова прыцягвалі ўвагу грамадства сваім стаўленнем да грамадзянаў.

Наваградскія даішнікі даставалі з аўта кіроўцу, які спрабаваў растлумачыць свае правы і разбілі яму шкло. У Барысаве здарылася нетыповая спроба працаўніка ДАІ спыніць байкера – ударам па галаве жэзлам. А менш за два тыдні таму ў Полацку маладзён зрабіў заўвагу інспектарам, якія прыпаркавалі службовае аўта на месца для інвалідаў. Даішнікі ў адказ забралі хлопца ў мясцовы РАУС – быццам для высвятлення асобы.

Паводле праваабаронцаў, «паралельна» даішнікам у тым ліку і таму, што няма ў Беларусі ні нармальнага набору кадраў, ні кантролю за імі. А адна з асноўных функцыяў – пераслед актыўных беларусаў. Тым больш што галоўны міліцыянт краіны яшчэ ў сакавіку жорстка адрэагаваў на публікацыі ў медыях датычна непрафесійнасці вартаўнікоў парадку, а тым, хто крыўдзіць міліцыю, абяцаў суды.

ІГАР ШУНЕВІЧ, МІНІСТР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ:

«На мой погляд, зʼяўляюцца не чым іншым, як інфармацыйнай атакаю на дзейнасць такой структуры як МУС……Мы будзем таксама цывілізавана на гэта рэагаваць, у тым ліку дзякуючы прававому механізму абароны супрацоўнікаў міліцыі шляхам звяртання ў суды».

Але абаронца міліцыянтаў і сам далёкі ад папулярнасці ў беларусаў. Петыцыя пад зваротам аб ягонай адстаўцы за тыдзень сабрала больш за чатыры тысячы подпісаў.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары