Няспынны канвеер


«Наша абавязкова возьме!» – такімі былі першыя словы палітзняволенага Юрыя Савіцкага пасля прысуду і, хоць часовага, але вызвалення. Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі вінавацілі за ўдзел у акцыі пратэсту дзявятага жніўня паводле сумнавядомага трыста сорак другога артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і ўдзел у масавых закалотах).

Суддзя Аляксандр Рудэнка прызначыў менчуку тры гады гэтак званай «хіміі», дакладна столькі запытаў бок абвінавачання) і пастанавіў вызваліць Савіцкага ў зале суда – да моманту ўступлення прысуду ў сілу. Абарона Юрыя Савіцкага збіраецца абскарджваць рашэнне.

«Мы спадзяемся, што закон будзе ўсё ж на нашым баку, а не на баку, так бы мовіць, уладаў», – не губляе Юрый аптымізму.

У Магілёве год абмежавання волі за прабітае кола аўтамабіля прысудзілі сёння пяцідзесяцігадоваму Сяргею Базуку. Суддзя Аксана Ратнікава прызнала мужычыну вінаватым у тым, што той у пачатку лістапада на знак пратэсту супраць міліцэйскага гвалту раскідаў ля будынкаў сілавых структураў каля сотні самарэзаў, адзін з якіх пашкодзіў кола аўтамабіля супрацоўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю, чым была нанесеная шкода памерам трыццаць рублёў.

«Непрыемна, што сто самарэзаў сталі такой гучнаю справай, а не адміністратыўнай. Як кажа прэзідэнт, «Часам не да законаў. Перагорнем старонку». Ну, хай перагорнуць так», – кажа Сяргей Базук.

Найбольш жорсткі прысуд сёння вынеслі ў Горадні. Суддзя Юрый Казакевіч пакараў Сяргея Рымшу трыма з паловаю гадамі пазбаўлення волі за ўдзел у масавых закалотах і гвалт у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі. Пацярпелыя ў справе – шасцёра міліцыянтаў, якія і затрымалі гарадзенца, пры гэтым моцна яго збіўшы. Згодна з версіяй пракурора, вечарам дзявятага жніўня Рымша кідаў у мікрааўтобус з сілавікамі кавалкі бетону.

«Прэзумпцыя невінаватасці адсутнічала, і доказаў віны майго сына не было. З усіх відэакамераў не было відаць, хто кінуў гэты камень. І наадварот, на відэа, якое прадставіў мой сын, дакладна відаць, што гэта не ён зрабіў. Аднак суд на гэта ўвагі не звярнуў», – абураецца Юры Рымша, бацька Сяргея.

Працягнуўся суд над палітзняволенымі Сафіяй Малашэвіч, якая шостага верасня размалявала міліцэйскія шчыты, і Ціханам Клюкачом. Абодвух маладзёнаў вінавацяць ва ўдзеле ў групавым хуліганстве ды масавых закалотах. Да таго ж васямнаццацігадовай Сафіі інкрымінуюць і публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі.

У сваім апошнім слове Сафія ўзяла ўсю віну на сябе ды папрасіла не караць сябра. Пракурор Ульяна Рудніцкая запытала для Сафіі і Ціхана два і паўтара года пазбаўлення волі. Вырак агучаць дваццаць другога студзеня.

Алесь Баразенка, «Белсат»