Нямеччына апынулася ў іншай палітычнай рэальнасці. Правыя папулісты ў Бундэстагу


Лідар той жа, але расклад сілаў цяпер іншы. Ангела Мэркель зойме пост канцлера ў чацвёрты раз, але як паказваюць вынікі ўчорашняга парламенцкага галасавання, яна будзе змушаная стварыць новыя кааліцыю і прыняць да ўвагі прысутнасць правых папулістаў у Бундэстагу.

Ангела Мэркель захавае пасаду канцлера Нямеччыны, але, мяркуючы з вынікаў выбараў у бундэстаг, чацвёрты тэрмін доўгажыхаркі нямецкай палітыкі не будзе лёгкі. Страты хрысціянскіх дэмакратаў Мэркель у параўнанні з плебісцытам 2013 года склалі 8 з паловаю адсоткаў.

«Наступныя некалькі тыдняў не будуць лёгкія, але мы – ХДЗ і ХСЗ – партыі, якія нясуць адказнасць за нашую краіну, нашую праграму і, што для нас важна, нашых людзей, і з гэтым настроем мы даможамся поспеху», – кажа Ангела Мэркель.

Ролю каментатара аднаго з самых правальных вынікаў хрысціянскіх дэмакратаў за апошнія 70 гадоў дасталася іншаму палітыку.

«Я магу толькі сказаць, што так, мы чакалі лепшага выніку, і ведаем, што ён быў магчымы. Аднак яшчэ ў сакавіку ўсе медыі казалі перамога чырвоных, чырвоных, зялёных… Мы не дапусцілі гэтага», – заявіў Ёахім Гэрма, кандыдат ад ХСЗ.

Пры яўцы 76 % галасы выбарцаў падзяліліся наступным чынам:

  • ХДЗ/ХСЗ 33 %
  • Сацыял-дэмакраты (СДПГ) 20,5 %
  • Левыя 9,2 %
  • Зялёныя 8,2 %
  • Лібералы СвДП – 10,7 %

І галоўная сенсацыя, якая зацямніла сабой нават перамогу Мэркель, – 12,6 % для правых папулістаў з «Альтэрнатывы для Нямеччыны». Ва ўсходніх рэгіёнах краіны партыя паказала другі вынік пасля хрысціянскіх дэмакратаў. Зрэшты, наўрад ці «Альтэрнатыва» зможа атрымаць карысць з гэтага выніку. Іншыя партыі проста адмаўляюцца ўваходзіць у кааліцыю з папулістамі. Да таго ж унутры самой «Альтэрнатывы» адбыўся раскол.

«АдН з самага пачатку заяўляла аб жаданні стаць кіроўнай партыяй. І гэта працягвае заставацца маёй мэтай. Але тыя паводзіны, што мы бачылі ў апошнія тыдні, больш падыходзіць для апазіцыйнай партыі. Я ж хачу практыкаваць сапраўдную палітыку і быць часткай фактычнага фарміравання рэчаў. Гэта прымусіла мяне пасля доўгіх разважанняў, адмовіцца ад месца ў фракцыі Альтэрнатывы для Нямеччыны ў парламенце», – кажа Фраўке Пэтры, сустаршыня «Альтэрнатывы для Нямеччыны».

Такім чынам з партыі сышла самая папулярная постаць «Альтэрнатывы». У аднамандатнай акрузе зямлі Саксонія Пэтры набрала амаль 40 % галасоў, амаль на 10 % больш за кандыдата ад ХДЗ. Але і роля апазіцыі, як пра тое казала Пэтры, АдН прымерыць наўрад ці. Гэтая доля дастанецца сацыял-дэмакратам на чале з Марцінам Шульцам. Менавіта другі паводле колькасці мандатаў фракцыі дастануцца ўсе прывілеі лідара апазіцыі, у тым ліку кіроўныя пасады ў большасці камітэтаў бундэстагу.

«Мы разумеем нашую задачу – быць моцнай апазіцыяй у гэтай краіне і абараняць дэмакратыю ад тых, хто нападае на яе і падвяргае яе сумневу. У той жа час нашая задача весці палітычныя дэбаты пра будучыню нашай краіны і весці перамовы з тымі, хто дагэтуль адмаўляўся пра гэта размаўляць», – гаворыць Мацін Шульц, лідар СДПН.

Менавіта нежаданне сацыял-дэмакратаў фармаваць кааліцыю з ХДС стварае найбольшыя цяжкасці для Ангелы Мэркель. Бо цяпер для стварэння парламенцкай большасці ёй давядзецца весці перамовы з лібераламі і зялёнымі. Праграмы гэтых партыяў істотна адрозніваюцца ад пастулатаў ХДЗ, а ў гісторыі Нямеччыны яшчэ ніколі не было прыкладу падобнай кааліцыі.

Ігар Кулей, «Белсат»