Няма долараў, толькі без панікі!


У абменніках няма наяўных долараў, бо не яны не прыляцелі са Злучаных Штатаў – так Нацбанк патлумачыў дэфіцыт валюты ў дзень, калі курс долара вырас да 2,7 рубля. А каб рубель не падаў, Нацбанк гатовы выкідваць на рынак назапашанае. Стаўкі па дэпазітах – адпусцілі ў свабоднае плаванне, а стаўкі па крэдытах – застаюцца нязменныя. Як яшчэ айчынная эканоміка супрацьстаіць каронавірусу?

На 4,08 % падскочыў долар і на 2,97 % – еўра. Што вінаватыя наступствы каронавірусу – ужо факт. Менчукі не шукаюць вінаватых, мэта – захаваць зберажэнні:

«Вось набываецца валюта, але ўжо позна. Мяркую што каму трэба, той набыў даўно».

«Я ўжо даўно ўсё перавёў у даляры, і ведаючы эканамічную сітуацыю адчуваю сябе нармальна».

«Магчыма сітуацыя раздуваецца».

У няпэўны для кожнай дзяржавы час важна падтрымаць нацыянальную валюту. Напрацягу некалькіх гадоў стаўкі па дэпазітах у беларускіх рублях стабільна раслі. Цяпер Нацбанк адпусціў іх у свабоднае плаванне.

Дзяржава намагаецца стрымаць паніку, магчымыя наступствы якой – ажыятажны попыт на валюту і харчы.

Аляксандр Лукашэнка нагадвае:

«Я разам з вамі перажыў ужо шматлікія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла».

У банках – паніка адмяняецца. Банк ВТБ зняў уведзены раніцаю ліміт «100 еўра на содні на валютна-абменныя аперацыі па картах». Са старонкі знікла нават такая згадка. Курс беларускага рубля перастане падаць пасля расейскага, а той – калі кошты на нафту дасягнуць дна – кажа эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч:

«Калі кошты на нафту апусцяцца яшчэ ніжэй, наступствы для беларускай і расейскай эканомік будуць вельмі цяжкія, як рост беспрацоўя, скарачэнне бюджэтных выдаткаў і ў тым ліку дэвальвацыя».

Пры песімістычным шаблоне першым прадуктам, які раней змяталі ў крамах, заўжды была… грэчка. З паліцаў шэрагу расейскіх гарадоў «стратэгічная» крупа ўжо знікла. У айчынных крамах высокага попыту на харчы ня бачым. Запасліся толькі тыя, хто пайшоў на каранцін з уласнае волі. Сусветны рынак у гэтыя дні бʼе трывогу ды падлічвае страты кампаніяў праз падзенне фондавага рынку, Форэксу, курсу акцыяў і коштаў на нафту. Кіраўнік ураду Сяргей Румас падбадзёрваў дасягненнямі году мінулага:

«Інфляцыя на мінімальным узроўні. Атрыманае аптымальнае знешнегандлёвае сальда з чарговым рэкордам па экспарце паслуг. Забяспечаная ўстойлівасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках».

У год падзення сусветнай эканомікі экспарт тавараў на наш асноўны рынак можа істотна знізіцца – кажа Станіслаў Івашкевіч. У якасці вакцыны супраць каронавірусу для эканомікі ён прапануе адно:

«Правесці рэформы, якія б павялічылі канкурэнтаздольнасць эканомікі. У прыватнасці змяніць ролю дзяржавы ў эканоміцы».

Такую рэкамендацыю агучвалі сярод шэрагу Міжнародны Валютны і Сусветны банк. Але можа Каронавірус апынецца больш уплывовым!

Юлія Цяльпук, «Белсат»