Аб'ектыў 07.12.2016 Нягледзячы на правал, Лукашэнка не збіраецца адмяняць дэкрэт аб дармаедстве


«Дармаеды» не заплацілі

Прагнозы незалежных прафсаюзаў спраўдзіліся – дэкрэт аб дармаедстве аказаўся эканамічна правальны. Як прызналі ў Міністэрстве падаткаў і збораў, па выніках заканчэння тэрміну сплаты названага збору сабраць удалося ў дзясяткі разоў меней сродкаў, чымся чакалася. Заплацілі яго менш за сем з паловаю тысяч асобаў. Сумневы ў мэтазгоднасці гэтага кроку выказваюць ужо і ўлады. У што выліўся гэты эксперымент і чаго цяпер чакаць беспрацоўным, якія атрымалі «лісты шчасця» ад падатковай?

Аляксандр Лукашэнка анансаваў свой знакаміты дэкрэт № 3 два гады таму. Калі б усе налічаныя ім дармаеды заплацілі збор памерам 20 базавых велічыняў, бюджэт меў папоўніцца прыблізна на $ 70 млн. – або на Br 140 млн.

Вынік аказаўся горшы за самыя песімістычныя прагнозы

Пасля заканчэння тэрміну сплаты збору, які мінуў 15-га лістапада, гэтак званыя «дармаеды» агулам заплацілі ў 50 разоў меней, чымся чакалася. А плацельшчыкаў аказалася не 400 тысяч, як казаў кіраўнік краіны – а менш за 10 тысяч чалавек.

Яшчэ 73 тысячы чалавек атрымалі ад падатковай позвы з патрабаваннем заплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Прыблізна 20 % гэтай колькасці даказалі, што маюць права на вызваленне ад гэтага падатку.

Што мяркуюць беларусы?

«Якія дармаеды? Людзі ня могуць на працу ўладкавацца – па здароўі, па ўзросце, і іх лічаць дармаедамі. Я мяркую, што гэта – няправільна».

«Можна яшчэ больш жорсткім зрабіць гэты закон, каб працавалі, а не хадзілі, не боўталіся».

«Ні ў воднай краіне такога няма. Нават па канвенцыі гэта не праходзіла нідзе, гэта ж парушэнне канвенцыі».

– выказваюцца жыхары Менску.

Яшчэ не заплацілі? Можна не хвалявацца!

Хто падатку не заплоціць, улады вырашылі пакуль не штрафаваць. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка ўскосна прызнаў, што прагнозы незалежных прафсаюзаў спраўдзіліся – шмат хто з тых, каго ён палічыў за дармаедаў, аказаліся не дармаеды, а адміністратыўныя выдаткі на пошук тых сямі з паловай тысяч чалавек, якія збор заплацілі, выліліся ў непрапарцыйную нагрузку на бюджэт.

Пакуль, аднак, дэкрэт не адменены, а накіраваны на дапрацоўку. Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці лічыць гэты збор антыканстытуцыйным, заклікае тых, хто атрымаў позву ад падатковай, яго не плаціць і абяцае падтрыманне тым, хто прыслухаецца да гэтага закліку.

У дармаеды запісалі ўсіх, каго толькі можна

У часе кампаніі для спагнання збораў з гэтак званых «дармаедаў» падатковая высылала позвы, сярод іншых, анкалагічна хворым грамадзянам, салдатам тэрміновай службы і памерлым. Цяпер, як чакаецца, гэтыя катэгорыі грамадзянаў будуць выключаныя са спісу дармаедаў, а таксама некаторыя іншыя, якія перабываюць у складаных жыццёвых абставінах.

Сёлета ў ліпені Міжнародная арганізацыя працы заклікала афіцыйны Менск адмяніць дэкрэт аб дармаедах, ацаніўшы яго як прымус да працы, што забаронена міжнароднымі абавязаннямі Беларусі. Паводле сёлетняга Глабальнага індэксу правоў працоўных Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, Беларусь мае найгоршыя ў Еўропе ўмовы для працоўных.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары